Сітуацыя з паўнавартасным вяртаннем беларускіх спартсменаў на міжнародную арэну нагадвае арэлі.
Спачатку — уверх ад радасці, што з аднаго віду спорту санкцыі знялі поўнасцю, затым — уніз, ад крыўды, што ў іншых гэта пытанне нават не абмяркоўваецца. Недзе пасярэдзіне — допуск трэціх, што ўжо добрая навіна, але з такой колькасцю абмежаванняў і нюансаў, што нават не зразумела, радавацца ці не. Зусім не такія эмоцыі павінны бударажыць спартыўных аматараў, але як ёсць.
Днямі парадавалі дзюдаісты. Па рашэнні выканаўчага камітэта Міжнароднай федэрацыі дзюдо беларускія атлеты дапушчаны да міжнародных турніраў пад Дзяржаўным сцягам з гербам і гімнам нашай краіны з 1 чэрвеня 2025 года. Як адзначыў прэзідэнт арганізацыі Марыус Візер, Міжнародная федэрацыя з нецярпеннем чакае магчымасці зноў вітаць беларускіх спартсменаў на татамі пад дзяржаўным сцягам Беларусі, падтрымліваючы шматгадовыя каштоўнасці і традыцыі дзюдо. Дарэчы, Міжнародная федэрацыя дзюдо стала адной з першай міжнародных структур, якая ў 2023 годзе дапусціла беларусаў. Няхай спачатку ў нейтральным статусе, але без іншых бяздумных абмежаванняў. Поўнае вяртанне стала пытаннем часу. Вярнуцца на міжнароднае татамі беларусы ўжо зусім хутка і, будзем спадзявацца, эфектна — з 13 па 19 чэрвеня ў Будапешце будзе праходзіць чэмпіянат свету. Нашу краіну на ім прадставяць Ягор Варапаеў і Аляксандр Сідорык.
Можна парадавацца і за фехтаванне. Міжнародная федэрацыя фехтавання (FIE) абвясціла аб допуску беларускіх і расійскіх спартсменаў да ўдзелу ў камандных міжнародных спаборніцтвах. Праўда, у нейтральным статусе і са сцягам FIE замест нацыянальнага. Да гэтага нашы спартсмены выступалі на міжнародных турнірах толькі ў індывідуальным разрадзе. Яшчэ адзін вельмі правільны і вельмі важны крок зроблены. І вельмі своечасовы — з 14 па 19 чэрвеня ў Італіі пройдзе чэмпіянат Еўропы.
Камандай беларускага алімпійскага камітэта нашы спартсмены выступяць на Еўрапейскім летнім юнацкім алімпійскім фестывалі Скоп’е-2025. Турнір у Паўночнай Македоніі пройдзе з 20 па 26 ліпеня. Чаму нашы атлеты могуць выступаць у форме НАК, камандай беларускага алімпійскага камітэта, але выступаць камандай Беларусі не зусім зразумела. Але тое, што рашэнне выканкама Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў на карысць нашых спартсменаў, ужо радуе. У Нацыянальным алімпійскім камітэце паведамілі, што на фестывалі выступіць 48 беларусаў, якія будуць спаборнічаць у 7 відах спорту: плаванні, дзюдо, таэквандо, веласпорце, бадмінтоне, настольным тэнісе і стральбе кулявой.
Пакуль летнія віды спорту паціху раскачваюцца, часу на раскачку ў зімовых відах няма — не так шмат часу застаецца да зімовых Алімпійскіх гульняў 2026 года. А гэтыя федэрацыі як раз такі і не надта спяшаюцца. Толькі Міжнародны саюз канькабежцаў апублікаваў спіс атлетаў, дапушчаных да кваліфікацыйных стартаў на зімовыя Алімпійскія Гульні 2026 года ў Мілане і Корціна-Д’ампеца. У гэтым спісе — 13 беларусаў, прадстаўнікі трох відаў спорту. У шорт-трэку за права выступіць на Алімпіядзе будуць змагацца Мікіта Мігдалёў і Яна Дамброўская. У фігурным катанні — Вікторыя Пласконная і Уладзіслаў Сыцік (танцы на лёдзе), Вікторыя Сафонава, Анастасія Сідарэнка, Васіль Барахоўскі і Яўген Пузанаў (адзіночнае катанне). За алімпійскія ліцэнзіі таксама могуць спаборнічаць канькабежцы Ягор Дамарацкі, Яўген Болгаў, Віктар Рудэнка, Марына Зуева і Кацярына Гагіева. Такое рашэнне днямі прыняў Міжнародны саюз канькабежцаў. У шорт-трэкістаў шлях на Алімпіяду будзе складацца з чатырох этапаў сусветнага тура ў кастрычніку — лістападзе. Кваліфікацыя ў канькабежцаў гэта чатыры этапы Кубка свету ў лістападзе — снежні. У фігурыстаў кваліфікацыйны турнір адзін — ён пройдзе ў верасні ў Пекіне.
Ад Міжнароднага саюза біятланістаў і Міжнароднай федэрацыі лыжных гонак пакуль цішыня. Але спартсмены, загартаваныя крызісам апошніх трох гадоў, не апускаюць рук і вераць у лепшае. На шчасце, добрыя прыклады ёсць.
Аўтар: Валерыя Сцяцко
Звязда, 24 траўня 2025
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-1/1/78107
Текущая дата: 25.05.2025