Белорусский портал в Казахстане

Прамаў і Дронь сталі пераможцамі паўмарафона One Run у Мінску



У сталіцы трэці раз прайшоў міжнародны паўмарафон One Run, удзел у якім сёлета прынялі бегуны з шасці краін.

Удзел у забегу ў сталіцы прынялі каля 1,8 тыс. аматараў спорту з Беларусі, Расіі, Кітая, Казахстана, Арменіі і Егіпта. На самай прэстыжнай дыстанцыі 21,1 км у мужчын першае месца заняў тытулаваны беларускі марафонец Уладзіслаў Прамаў, які паказаў час 1 гадзіна 2 мін. 22 сек. Нягледзячы на дажджыстае надвор’е, спартсмен палепшыў свой леташні «залаты» вынік на шэсць хвілін. Другім фінішную рысу перасёк Юрый Капцёраў, тройку замкнуў Дзмітрый Шкода.

Перамогу на аналагічнай дыстанцыі сярод жанчын атрымала Ганна Дронь з вынікам 1 гадзіна 11 мін. 56 сек. Дронь на дзве з паловай хвіліны апярэдзіла дзейную чэмпіёнку Мінскага паўмарафона Марыну Даманцэвіч, бронзавы медаль заваявала Ганна Леванюк. На дыстанцыі 10 кіламетраў наймацнейшымі сталі Сяргей Краўчэня і Вераніка Важнік, на «пяцёрцы» першынствавалі Павел Небыт і Ганна Лятун.

Усяго 24 мая забегі міжнароднага паўмарафона One Run аб’ядналі больш за 220 тыс. удзельнікаў з 25 краін — да праекту, які з’явіўся ў Расіі, сёлета далучыліся Беларусь, Бангладэш, Бахрэйн, Бразілія, Венесуэла, Егіпет, Індыя, Іарданія, Катар, Кітай, Кыргызстан., Малайзія, Непал, ААЭ, Пакістан, Саудаўская Аравія, Сербія, Таджыкістан, Чылі, Ліван, Арменія, Туніс, Узбекістан і Казахстан.

Звязда, 24 траўня 2025

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-1/1/78112
Текущая дата: 25.05.2025