Са студзеня 2019 году замежныя грамадзяне змогуць бясплатна рэгістравацца па месцы знаходжаньня ў Беларусі праз інтэрнэт.
Пра гэта паведамляе дзяржаўная газэта «Рэспубліка».
Цяпер іншаземцы павінны зарэгістравацца па месцы знаходжаньня на працягу пяці сутак. У хуткім часе Міністэрства ўнутраных спраў дазволіць ім знаходзіцца ў Беларусі без рэгістрацыі 10 дзён і праходзіць гэтую працэдуру па інтэрнэце бясплатна.
Першы намесьнік начальніка Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Віталь Навумчык у інтэрвію газэце паведаміў, што рэгістрацыя ў Беларусі існуе яшчэ з часоў СССР.
«Гэта элемэнт арганізацыі бясьпекі грамадзян і краіны. Нам важна адсочваць міграцыйныя патокі і разумець, хто да нас едзе. На жаль, іншаземцы робяць і правапарушэньні, і злачынствы. Дарэчы, наша краіна не адзіная, дзе працэдура рэгістрацыі абавязковая. Ведаю, што існуе яна ў Чэхіі, Нямеччыне і некаторых дзяржавах СНД», — сказаў Навумчык.
Паводле чыноўніка, грамадзяне Ўкраіны, Латвіі, Літвы, Эстоніі, Казахстану могуць заставацца ў Беларусі без рэгістрацыі 30 дзён, Расеі — 90 дзён.
Турысты зь іншых краін абавязаны зарэгістравацца па месцы знаходжаньня на працягу пяці сутак. Калі яны спыняюцца ў гатэлі, санаторыі або аграсядзібе, то рэгіструюцца пры засяленьні бясплатна.
Калі ж іншаземец здымае кватэру або жыве ў знаёмых, то яму трэба зьявіцца ў раённы аддзел грамадзянства і міграцыі і заплаціць за паслугу суму, эквівалентную адной базавай велічыні.
За парушэньні, зьвязаныя з рэгістрацыяй, пагражае папярэджаньне, штраф да 20 базавых велічынь або дэпартацыя. Але апошняя мера, паводле Віталя Навумчыка, ужываецца толькі ў выпадку наўмысных грубых парушэньняў. Калі турыст або бізнэсмэн не разабраўся і прыйшоў у Аддзел грамадзянства і міграцыі на дзень пазьней, то ніхто такой санкцыі не прымяняе.
Чыноўнік таксама патлумачыў, што ў МУС вырашылі спрасьціць працэдуру рэгістрацыі ў сувязі з ростам турыстычнай плыні і павышэньнем інвэстыцыйнай прывабнасьці краіны.
Віталь Навумчык таксама паведаміў, што тэрмін знаходжаньня ў краіне без рэгістрацыі павялічаць да 10 дзён у канцы 2019 году, і зьвязана гэта зь вялікім аб’ёмам норматворчага працэсу.
Радыё Свабода, 24 лістапада 2018
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-1/104/45772
Текущая дата: 27.12.2024