Белорусский портал в Казахстане

Замежнікі змогуць без віз наведваць Аўгустоўскі канал



Іншаземцам для наведвання Аўгустоўскага канала ўстанаўліваецца бязвізавы ўезд у Беларусь.

Адпаведны ўказ нумар 318 "Аб устанаўленні бязвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзян" Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў 23 жніўня, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

Дакумент устанаўлівае бязвізавы парадак уезду і выезду на тэрыторыю Беларусі і часовага знаходжання ў турыстычных мэтах на тэрмін да пяці сутак у спецыяльным турысцка-рэкрэацыйным парку "Аўгустоўскі канал" і прылеглых да яго тэрыторыях.

Такі парадак прадугледжаны для замежных грамадзян, якія перасякаюць дзяржаўную граніцу Беларусі з Польшчай цераз пункты пропуску "Лясная" ("Рудаўка") і "Брузгі" ("Кузніца Беластоцкая"), з Літвой цераз пункты пропуску "Прывалка" ("Швяндубрэ") і "Прывалка" ("Райгардас").

Усталяванне бязвізавага парадку наведвання "Аўгустоўскага канала" прызначана садзейнічаць павелічэнню турыстычнага патоку на тэрыторыю парка, працоўнай занятасці мясцовага насельніцтва, прыцягненню інвестыцый у развіццё інфраструктуры парка, правядзенню міжнародных турыстычных і спартыўных мерапрыемстваў.

Указ дзейнічае да 31 снежня 2017 года з магчымасцю прадаўжэння на нявызначаны тэрмін. Палажэнні ўказа, што датычацца ўсталявання бязвізавага парадку ўезду і выезду для замежных грамадзян, уступаюць у сілу праз два месяцы пасля яго афіцыйнага апублікавання.

Звязда, 24 жніўня 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-1/127/36685
Текущая дата: 17.05.2024