Старшыня Беларускай федэрацыі альпінізму Аляксандр Гадлеўскі і намеснік старшыні федэрацыі Уладзімір Вірт распавялі аб дасягненнях мінулых гадоў і самых цікавых маршрутах сучасных беларускіх альпіністаў.
Гісторыя беларускага альпінізму пачалася больш за 200 гадоў таму, калі адзін з нашых землякоў Уладзіслаў Сапега падняўся на адну з вяршыняў ў французскіх Альпах Мон-Сэні і напісаў аб сваім паходзе навуковую справаздачу, якая да гэтага часу захоўваецца ў Ліёнскай акадэміі ў Францыі.
"Гісторыя беларускага альпінізму усяго на паўтара-два дзесяцігоддзі маладзей за французскую. Наша зямля хоць і раўнінная, але багатая рамантыкамі, летуценьнікамі і авантурыстамі у добрым сэнсе гэтага слова, якія хочуць перамагаць", — распавядае Аляксандр Гадлеўскі.
Аб дасягненнях беларускіх альпіністаў былых часоў кажуць адразу некалькі фактаў. Напрыклад, найвышэйшая вяршыня ў Аўстраліі ў свой час атрымала назву ў гонар нашага славутага земляка Тадэвуша Касцюшкі. А ў часы СССР на пік Перамогі на працягу аднаго года падымалася больш беларускіх альпіністаў, чым усіх астатніх разам узятых.
"Моцных альпіністаў раней было шмат, і асновай таго, што так атрымлівалася, была выразная праграма, якая заключалася ў тым, што трэба рыхтаваць альпіністаў не толькі для таго, каб яны ўзышлі на горы, але патрэбна такая методыка, якая выключала б няшчасныя выпадкі. таму была добрая падрыхтоўка фізічная і былі добрыя вынікі", — кажа Уладзімір Вірт.
Што тычыцца сучаснасці, то цяпер у Беларусі 16 "снежных барсаў". Гэта людзі, якія пакарылі ўсе пяць сямітысячнікаў былога СССР.
"Зусім нядаўна ў нас з`явіўся "снежны барс" пад нумарам 600. Гэта агульная лічба для ўсяго свету. Уладзіслаў Каган сам пра сябе кажа: "Я як "Мэрсэдэс". Ён стаў нашым 16-м "снежным барсам" і шасцісотым ў міжнароднай прасторы. То бок, гэты рух у нас працягваецца", — адзначае Аляксандр Гадлеўскі.
Гучным дасягненнем беларусаў быў адзначаны 2007 год, калі нашы альпіністы падняліся на адну з самых небяспечных і прэстыжных вяршыняў планеты Нангапарбат, гэта дзявяты па вышыні васьмітысячнік свету, які знаходзіцца на паўночным захадзе Гімалаяў, яго вышыня складае 8 125 метраў.
"Другая назва гэтай вяршыні, напісаная на ўсіх паштоўках і ў афіцыйных дакументах Пакістана, гэта "Гара-забойца". Там па статыстыцы на двух-трох падняўшыхся прыпадае адзін загінулы. І ў тым годзе, калі нашы падымаліся, было ўжо 2,5 тысячы спартсменаў, якія скарылі вышэйшую кропку планеты Эверэст, а колькасць тых, хто здолеў падняцца на Нангапарбат, ледзь пераваліла за сто", — распавядае Аляксандр Гадлеўскі.
Sputnik, 21 жніўня 2017
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-1/127/40477
Текущая дата: 15.11.2024