Белорусский портал в Казахстане

Баскетбалісты юнацкай зборнай Беларусі выйгралі ў Балгарыі на чэмпіянаце Еўропы



Баскетбалісты юнацкай зборнай Беларусі (U-16) пераможна стартавалі ў суцяшальным турніры чэмпіянату Еўропы (дывізіён В) у Сафіі.

У першым паядынку спаборніцтваў за 9-16-я месцы беларусы ва ўпартай барацьбе перамаглі балгарскіх баскетбалістаў з лікам 71:65 (16:16, 20:16, 16:14, 19:19).

Самым рэзультатыўным у складзе пераможцаў стаў Кірыл Цецерукоў, у актыве якога 20 ачкоў.

18 жніўня падапечныя Аляксандра Падзерачова ў барацьбе за 9-12-я месцы правядуць сустрэчу з равеснікамі з Ірландыі.

Пераможца гэтага матчу 19 жніўня згуляе з лепшай камандай пары Польшча - Боснія і Герцагавіна.

18 жніўня ў балгарскай сталіцы праходзяць два паўфінальныя паядынкі: Вялікабрытанія - Грэцыя, Грузія - Нідэрланды. Пуцёўкі ў элітны дывізіён юнацкага кантынентальнага першынства атрымаюць тры прызёры другога дывізіёна, якія вызначацца 19 жніўня.

У гэты ж дзень баскетбалісты нацыянальнай зборнай Беларусі правядуць галоўны матч першага раўнда кваліфікацыі чэмпіянату свету-2019.

У партугальскай Каімбры беларусы згуляюць з камандай Партугаліі за выхад у асноўны этап кваліфікацыі сусветнага першынства.

Першае месца ў групе D занялі балгарскія баскетбалісты, якія па два разы перамаглі беларусаў і партугальцаў.

Каманда Аляксандра Круцікава ў першым крузе гэтага міні-турніру прымала партугальцаў у Мінску і перамагла гасцей з розніцай 3 балы - 78:75.

У асноўны этап кваліфікацыі сусветнага форуму 2019 года выходзяць дзве лепшыя зборныя з чатырох папярэдніх груп.

18 жніўня 2017, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-1/130/40431
Текущая дата: 28.12.2024