Белорусский портал в Казахстане

Беларускія хакеісты выйшлі ў фінал Еўрапейскага юнацкага алімпійскага фестывалю



Хакеісты зборнай Беларусі (U-17) выйшлі ў фінал XIII зімовага Еўрапейскага юнацкага алімпійскага фестывалю, які праходзіць у турэцкім Эрзуруме.

У паўфінальным паядынку беларусы абыгралі равеснікаў з Францыі з лікам 2:1. Шайбы ў пераможцаў закінулі Мікіта Пышкайла і Аляксей Кацялоўскі. На папярэднім этапе беларускія хакеісты абыгралі равеснікаў са Славакіі - 3:1.

17 лютага ў фінальным матчы за золата падапечныя Уладзіміра Магдзеева сустрэнуцца з камандай Расіі, якая перамагла ў паўфінале славакаў з лікам 4:2. На групавой стадыі расіяне разграмілі турэцкую каманду 42:0 і французаў 9:0.

Няўдачнікі паўфінальных сустрэч зборныя Францыі і Славакіі сустрэнуцца ў матчы за бронзу. Пакуль на гэтых спаборніцтвах у беларускіх спартсменаў узнагарод няма.

Усяго ў складзе беларускай дэлегацыі на спаборніцтвах у Эрзуруме 43 атлеты, якія выступаюць у шасці відах спорту: хакей, біятлон, лыжныя гонкі, шорт-трэк, горныя лыжы і фігурнае катанне.

У агульнакамандным медальным заліку ўпершыню расіяне, у якіх 28 медалёў (12 залатых, 8 срэбных, 8 бронзавых). На другой пазіцыі Францыя - 15 (6, 5, 4), трэцяе месца ў каманды Славеніі - 6 (3, 1, 2).

Усяго на п`едэстал гонару ўзнімаліся прадстаўнікі 15 дзяржаў. Закрыццё XIII зімовага Еўрапейскага юнацкага алімпійскага фестывалю адбудзецца 18 лютага.

17 лютага 2017, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-1/132/38734
Текущая дата: 15.11.2024