Белорусский портал в Казахстане

Беларуская сінхраністка Хандошка заваявала бронзу чэмпіянату свету ў Досе



У сталіцы Катара горадзе Доха працягваецца чэмпіянат свету па водных відах спорту, удзел у якім у нейтральным статусе бяруць беларускія спартсмены.

У пяты дзень спаборніцтваў былі разыграны тры камплекты медалёў, закрываў праграму аўторка фінал сярод сінхраністак у адвольнай праграме ў дысцыпліне «сола». З нядзельнай кваліфікацыі з пятым вынікам у вырашальны старт прайшла наша спартсменка Васіліна Хандошка, усяго ў фінале выступілі 12 дзяўчат, сярод якіх беларуска заявіла самую складаную праграму.

За артыстызм Васіліна атрымала найменшыя балы (70,9500), але за выкананне ацэнка Хандошка аказалася другой (174,1542). Сума беларускі ў 245,1042 бала прынесла ёй трэцяе месца і бронзавы медаль. Чэмпіёнкай свету ў адвольнай праграме стала канадка Жаклін Сімона (264,8207), срэбра — у Евангеллі Платаніёты з Грэцыі (253,2833).

Васіліне 22 гады, дагэтуль яе лепшым асабістым дасягненнем на буйных міжнародных стартах была бронза чэмпіянату Еўропы — 2020. Раней на ЧС-2024 наша сінхраністка заняла чацвёртае месца па выніках тэхнічнай праграмы.

Сусветны форум па водных відах спорту ў Катары працягнецца па 18 лютага. Усяго на турніры разыгрываецца 75 камплектаў узнагарод у сінхронным плаванні, скачках у ваду, плаванні, водным пола, плаванні на адкрытай вадзе і хай-дайвінгу. Спаборніцтвы па плаванні ў 50-метровым басейне стартуюць 11 лютага, удзел у іх прымуць чацвёра беларускіх спартсменаў — Анастасія Куляшова, Аліна Змушко, Анастасія Шкурдай і Ілья Шымановіч. Усяго на чэмпіянат свету заявіліся прадстаўнікі 197 краін.

Звязда, 7 лютага 2024

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-1/14/72484
Текущая дата: 15.11.2024