Белорусский портал в Казахстане

Беларускія спартсмены на ЧС па скачках на батуце выйгралі сярэбраную і бронзавую ўзнагароды



У дацкім Одэнсэ завяршыўся чэмпіянат свету па скачках на батуце, двайным міні-трампе і акрабатычнай дарожцы.

У заключны дзень турніру беларус Уладзіслаў Ганчароў стаў сярэбраным прызёрам, а Таццяна Пятрэня - уладальніцай бронзавай узнагароды ў фінальных спаборніцтвах па скачках на батуце.

У фінале Уладзіслаў Ганчароў з ацэнкай 61,740 бала ўступіў толькі прадстаўніку Кітая Гаа Лею (62,245 бала). Трэцяе месца ў асабістым першынстве ў мужчын заняў расіянін Андрэй Юдзін (61,705 бала).

У жаночым турніры Таццяна Пятрэня пасля паўфінальных спаборніцтваў займала другое месца, але ў вырашальным раўндзе, у васьмёрцы мацнейшых, беларуска прапусціла наперад у падагульняючым пратаколе дзвюх кітаянак.

Чэмпіёнкай свету стала Лі Дан (56,600 бала), другое месца ў Лю Ліньлінь (55,755), трэцюю пазіцыю арбітры аддалі Таццяне Пятрэні (55,665). Яшчэ адна беларуска Ганна Гарчанок паказала шосты рэзультат (54,255 бала). Уладзіслаў Ганчароў, Таццяна Пятрэня і Ганна Гарчанок таксама сталі ўладальніцамі ліцэнзіі на ўдзел у Алімпійскіх гульнях 2016 года ў Рыа-дэ-Жанэйра.

У сінхронных скачках дуэт Таццяна Пятрэні і Ганны Гарчанок прынёс у скарбонку яшчэ адну сярэбраную ўзнагароду. Ацэнку беларусак 47,400 бала змаглі перасягнуць толькі кітаянкі Жон Сіньпінь і Лі Дань (50,300 бала).

Таксама другое месца ў Мікалая Казака і Уладзіслава Ганчарова - 50,800 бала. Прадстаўнікі Паднябеснай былі мацнейшымі і ў сінхронных скачках, дзе Ту Сяа і Донь Донь выйгралі залатыя ўзнагароды з сумай 52,900 бала.

Раней на сусветным форуме ў Одэнсэ жаночая зборная Беларусі стала ўладальніцай сярэбраных узнагарод у камандным першынстве, мужчынская каманда ўдастоілася бронзавых узнагарод.

У агульнакамандным заліку зборная Беларусі заняла 5-е месца. На рахунку нашых спартсменаў шэсць узнагарод: у камандным заліку серабро ў жанчын і бронза ў мужчын, у сінхронных скачках - два сярэбраныя медалі ў мужчын і жанчын, у індывідуальных скачках - серабро ў мужчын і бронза ў жанчын.

Спартсмены, якія занялі месцы з 9-га па 16-е, будуць мець другі шанц на заваяванне пуцёвак у Рыа ў красавіку будучага года. У час перадалімпійскага тыдня будуць разыграны яшчэ па пяць ліцэнзій.

Тры астатнія вакантныя месцы ў мужчын і жанчын размяркуе Міжнародная федэрацыя гімнастыкі.

З 3 па 6 снежня ў Одэнсэ пройдзе юніёрскі чэмпіянат свету, у якім прымуць удзел каля 900 юных атлетаў з 43 краін.

Ад Беларусі выступяць 24 батутысты і 3 спартсмены на акрабатычнай дарожцы.

30 лістапада 2015, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-1/148/33437
Текущая дата: 31.12.2024