Белорусский портал в Казахстане

Бялградскі "Партызан" на паўтары гадзіны быў затрыманы ў мінскім аэрапорце з-за неабходнасці аформіць медстрахоўкі



Пра гэта паведамляе прэс-служба "Партызана".

З-за неабходнасці аформіць медыцынскія страхоўкі ў Нацыянальным аэрапорце Мінск на паўтары гадзіны даўжэй працягвалася афармленне дэлегацыі (140 чалавек) сербскага футбольнага клуба "Партызан", які 17 жніўня прыбыў для ўдзелу ў матчы плэй-оф кваліфікацыйнага раўнда Лігі чэмпіёнаў супраць барысаўскага БАТЭ. 

Страхоўка коштам 2 еўра стала абавязковай менавіта ў той момант, калі пашпартны кантроль пачалі праходзіць футбалісты ў клубным адзенні. 

Абурэнне сітуацыяй выказаў галоўны трэнер "Партызана" Зоран Мілінкавіч. "Шчыра кажучы, гэта стала вельмі непрыемным сюрпрызам для нас, паколькі гаворка ідзе пра футбольную каманду, якая прыехала з вядомай мэтай. І, шчыра кажучы, мы не чакалі такога… Калі б нам прыйшлося чакаць больш, мы б проста звярнуліся ў наша пасольства. Мы так да канца і не зразумелі ў чым справа, гаворка ішла пра нейкае пэўнае страхаванне... Гэта нейкія незразумелыя для нас фармальнасці. Я магу гарантаваць, што, калі гульцы БАТЭ прыедуць у Сербію, яны пройдуць мяжу за пяць хвілін", — заявіў Мілінкавіч на перадматчавай прэс-канферэнцыі ў Барысаве, паведамляе Football.by. 

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, затрымка "Партызана" ў аэрапорце была выклікана неналежным афармленнем дакументаў адпаведнымі службамі самога клуба.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН
Мінск, 17 жніўня 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-1/150/32416
Текущая дата: 29.12.2024