Белорусский портал в Казахстане

Мужчынская каманда Беларусі па стральбе з лука выйграла першы этап Гран-пры Еўропы



У грэчаскім Марафоне завяршыўся першы этап еўрапейскага Гран-пры па стральбе з лука, які таксама з`яўляўся заключнай стадыяй кваліфікацыі да першых Еўрапейскіх гульняў у Баку.

Мужчынская зборная Беларусі ў складзе Паўла Далідовіча, Аляксандра Лягушава і Мікалая Марусава стала пераможцай турніру ў камандным першынстве.

На папярэдняй стадыі першага этапу Гран-пры беларусы ўпэўнена абыгралі каманду Турцыі - 5:3, у чвэрцьфінале Далідовіч, Лягушаў і Марусаў сустрэлі сур`ёзную канкурэнцыю з боку лучнікаў з Малдовы - 4:4. Толькі па дадатковых паказчыках беларусы выйшлі ў паўфінал, дзе былі мацнейшыя за сапернікаў з Украіны - 5:3.

У фінале каманда Беларусі выйграла ў зборнай Нідэрландаў 6:2 і стала пераможцай турніру ў Марафоне, атрымаўшы таксама права выступіць на Еўрапейскіх гульнях у Баку, якія пройдуць з 12 па 28 чэрвеня 2015 года.

У індывідуальных спаборніцтвах лепшым з беларусаў стаў Аляксандр Лягушаў, які заняў дзявятае месца. Антон Прылепаў стаў сямнаццатым, Мікалай Марусаў і Павел Далідовіч размясціліся на трыццаць трэцім месцы.

Жаночая зборная па стральбе з лука на першым этапе Гран-пры ў Марафоне спынілася на дзявятым радку падагульняючага пратакола. У асобным адборачным турніры да Еўрапейскіх гульняў у Баку беларуская каманда ў складзе Ганны Марусавай, Хрысціны Дзямінскай і Алены Толкач змагла заняць першае месца і таксама, як і мужчынская зборная, атрымала права выступіць гэтым летам у Баку.

Другі этап еўрапейскага Гран-пры адбудзецца 7-11 ліпеня ў Бухарэсце.

27 сакавіка 2015, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-1/157/30238
Текущая дата: 15.11.2024