Белорусский портал в Казахстане

Беларусь разлічвае на далейшае супрацоўніцтва з Саюзам еўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА) і правядзенне на сваёй тэрыторыі буйных спаборніцтваў па футболе



Аб гэтым заявіў Аляксандр Лукашэнка 19 студзеня на сустрэчы з прэзідэнтам УЕФА Мішэлем Плаціні.

Кіраўнік дзяржавы выказаў падзяку Плаціні за магчымасць правесці ў Беларусі ў 2016 годзе юнацкі чэмпіянат Еўропы па футболе сярод дзяўчат і заявіў, што спаборніцтвы пройдуць "на самым высокім узроўні". "Мы поўныя рашучасці зрабіць юнацкі чэмпіянат найлепшым у гісторыі. І вы паглядзіце, наколькі мы можам арганізоўваць такія мерапрыемствы. Магчыма, вы даручыце нам больш сур`ёзныя спаборніцтвы ў гэтым відзе спорту", — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. 

Ён таксама выказаў падзяку прэзідэнту УЕФА за матэрыяльную дапамогу і падтрымку, аказаную Беларускай федэрацыі футбола (БФФ). "Тыя спецыялісты, якія прыязджаюць ад вас, добра нам дапамагаюць у развіцці футбола", — сказаў кіраўнік дзяржавы. 

"Вы на нас таксама заўсёды можаце разлічваць, — падкрэсліў Лукашэнка. — Мы заўсёды падтрымлівалі і будзем падтрымліваць вашы пачынанні, бо яны скіраваныя на развіццё футбола, на стварэнне раўнапраўных умоў для краін, якія ўдзельнічаюць ці жадаюць удзельнічаць у спаборніцтвах па футболе". 

Паводле слоў Лукашэнкі, у Беларусі, як і ва ўсім свеце, футбол з`яўляецца самым масавым відам спорту. "Не магу сказаць, што мы дасягнулі нейкіх выключных вынікаў у футболе. Нават больш скажу: мы ўкладваем у футбол значна больш сродкаў, але належнай аддачы, нават не фінансавай, гульнявай, не назіраем", — падкрэсліў ён. 

Мішэль Плаціні ў сваю чаргу адзначыў, што яму вядома, якая ўвага надаецца ў Беларусі развіццю футбола. "Мы ўважліва сочым за дасягненнямі беларускай каманды і мяркуем, што ў будучыні Беларусь можа дасягнуць лепшых вынікаў", — сказаў ён. 

Прэзідэнт УЕФА выказаў задавальненне наладжанымі кантактамі з кіраўніком беларускай дзяржавы і БФФ. "Упэўнены, што разам мы здолеем шмат што зрабіць для развіцця футбола ў Беларусі", — падкрэсліў ён.

Анастасія Салановіч, БелаПАН
Мінск, 19 студзеня 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-1/163/29091
Текущая дата: 26.12.2024