Каманда "МАЗ-СПОРТаўта" адправілася ў Аргенціну, каб узяць удзел у міжнародным ралі-рэйдзе "Дакар-2015", паведамілі прадстаўнікі каманды.
Ралі-рэйд пройдзе з 4 па 17 студзеня па тэрыторыі трох краін — Аргенціны, Балівіі і Чылі. Стартаваць і фінішаваць экіпажы будуць у Буэнас-Айрэсе. Працягласць трасы перавысіць 9 тыс. кіламетраў, а некаторыя ўчасткі пройдуць на вышыні звыш 3,5 тыс. метраў.
Удзельнікі беларускай каманды на самалёце дабяруцца да Буэнас-Айрэса, дзе будуць чакаць пачатку гонкі.
Усяго ад Беларусі на ралі-рэйд накіраваліся прыблізна 30 чалавек, у тым ліку гоншчыкі, штурманы, механікі і спартыўны медык. Склад пілотаў не змяніўся: кіраваць спартыўнымі грузавікамі будуць Сяргей Вязовіч, Аляксандр Васілеўскі і Аляксандр Палішчук.
Раней у Паўднёвую Амерыку на караблі былі адпраўленыя спартыўныя грузавікі, іх перададуць камандзе 30 снежня.
На ралі беларуская каманда выставіць тры грузавікі — два асноўныя экіпажы і "хуткую тэхнічку". Асноўная задача апошняй — дапамагаць двум іншым экіпажам падчас гонкі пры паломках.
Як паведамілі ў камандзе, на "Дакары" беларусы разлічваюць трапіць у першую дзясятку. МАЗ сёлета дапрацаваў аўтамабілі для ралі-рэйда: канструкцыі сталі лягчэйшымі, рухавікі — мацнейшымі. У прыватнасці грузавік пад кіраваннем Сяргея Вязовіча скінуў 150 кілаграмаў вагі і атрымаў абноўлены матор на 912 конскіх сіл. Каманда таксама пастараецца выйграць час за кошт хуткасці атрымання інфармацыі і надзейнай сувязі — velcom забяспечыць беларусам бясплатны роўмінг.
"МАЗ-СПОРТаўта" выступіць на "Дакары" ўжо ў чацвёрты раз. Уладальнік каманды — Мінскі аўтазавод, тэхнічны партнёр — аператар velcom.
Андрэй Серада, БелаПАН
Мінск, 25 снежня 2014
Мінск, 25 снежня 2014
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-1/164/28783
Текущая дата: 26.12.2024