Белорусский портал в Казахстане

Беларусы ўпершыню занялі другое месца на этапе "Дакара"



Экіпаж Сяргея Вязовіча заняў другое месца ў класе грузавікоў на другім этапе ралі-рэйда "Дакар-2015".

Пакуль гэта найлепшы вынік каманды "МАЗ-СПОРТаўта" за ўсю гісторыю яе выступлення ў вядомым у свеце марафоне, паведамілі прадстаўнікі тэхнічнага партнёра — аператара velcom, які арганізаваў прамую сувязь з гоншчыкамі. 

Спецучастак працягласцю 331 км "МАЗ" Сяргея Вязовіча праехаў прыкладна за 3 гадзіны 35 хвілін. Пераможцу ралі-заезду — Эдуарду Нікалаеву з каманды "КАМАЗ-майстар" (Расія) — экіпаж саступіў усяго 46 секунд. Фаварыты ралі — расіянін Андрэй Каргінаў і галандзец Жэрар дэ Рой — патрацілі на пераадоленне маршруту на чатыры хвіліны больш, чым беларусы. 

Экіпаж Вязовіча ў агульным заліку падняўся з 10-га на 4-е месца. Расіяніну Нікалаеву, які паводле вынікаў двух этапаў займае першае месца, беларусы прайграюць прыблізна хвіліну. 

"Нам пашэнціла стартаваць ззаду хуткага пілота — галандца Жэрара дэ Роя. Тым самым нічога не перашкаджала з самага старту спецучастка развіць высокую хуткасць, — адзначыў Вязовіч. — Траса аказалася падобнай на ўчарашнюю, хаця і больш доўгая. Другая палова дарогі праходзіла сярод камянёў, таму асцерагаліся пракалоць шыны. Дзень выдаўся гарачым — ужо з самай раніцы тэмпература паветра на адкрытым сонцы ўзнялася вышэй за 30 градусаў. Але для нас усё склалася вельмі ўдала". 

Грузавік, якім кіраваў Аляксандр Васілеўскі, паказаў 37-мы час — 4 гадзіны 37 хвілін 22 секунды. Ад лідара гонкі яго аддзяляла больш за гадзіну. У агульным заліку экіпаж цяпер займае 34-е месца з адставаннем ад лідара ў 1 гадзіну 18 хвілін. 

На пазіцыі вышэйшай прыехала да фінішу другога этапу "хуткая тэхнічка". Экіпажу Уладзіміра Васілеўскага траса пакарылася прыкладна за 4 гадзіны 36 хвілін, што дазволіла яму падняцца ў агульнай класіфікацыі на 54-е месца. Ад Эдуарда Нікалаева яго аддзяляе больш за пяць гадзін. 

"МАЗ-СПОРТаўта" ўдзельнічае ў ралі-рэйдзе "Дакар" у чацвёрты раз. Уладальнікам каманды выступае Мінскі аўтазавод, тэхнічным партнёрам — аператар мабільнай сувязі velcom. Працягласць трасы для грузавікоў складае прыблізна 8,2 тыс. км, некаторыя ўчасткі праходзяць на вышыні звыш 3,5 тыс. м. Завершыцца гонка 17 студзеня ў Буэнас-Айрэсе (Аргенціна) — у тым жа горадзе, дзе і стартавала. 

Беларуская каманда ўдзельнічае ў ралі на трох грузавіках. Асноўнымі экіпажамі кіруюць Сяргей Вязовіч і Аляксандр Васілеўскі, "хуткай тэхнічкай" — Уладзімір Васілеўскі. Усяго ж у ралі-рэйдзе толькі ў заліку грузавікоў бяруць удзел 63 экіпажы з усяго свету.

Андрэй Серада, БелаПАН
Мінск, 6 студзеня 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-1/164/28875
Текущая дата: 26.12.2024