Белорусский портал в Казахстане

На 11-м этапе "Дакара" экіпажы каманды "МАЗ-СПОРТаўта" занялі 7-е і 12-е месцы



Па выніках 11-га этапу ралі-марафону "Дакар-2014", які прайшоў напярэдадні ў Чылі, пілот каманды "МАЗ-СПОРТаўта" Сяргей Вязовіч фінішаваў сёмым, а Аляксандр Васілеўскі здолеў прывесці грузавік 12-м.

Як паведамілі на Мінскім аўтазаводзе, у агульным заліку экіпаж Вязовіча (стартавы нумар 529) перамясціўся на 11-е месца ў генеральнай класіфікацыі катэгорыі "Грузавікі" і цяпер да ўваходу ў дзясятку лепшых трэба адыграць крыху больш за гадзіну.

Упэўнена праходзіць этапы і экіпаж Аляксандра Васілеўскага. 12-е месца на апошнім этапе дазволіла яму заняць 31-е месца ў генеральнай класіфікацыі. Адставанне беларускага экіпажа ад лідара складае 22 гадзіны.

Лідзіруючую пазіцыю па выніках пройдзеных этапаў займае Андрэй Каргінаў на "КАМАЗе".

17 студзеня, у перадапошні дзень гонкі пройдзе 12-ты этап. Працягласць яго маршруту — амаль 700 км, з якіх 349 км — спецучастак.

Нагадаем, удзельнікі "Дакара" стартавалі 5 студзеня ў аргенцінскім горадзе Расарыа. Спартыўныя грузавікі беларускай каманды сабраны на Мінскім аўтазаводзе. Пры гэтым у ААТ "МАЗ" працуюць усе члены экіпажаў. Каманда "МАЗ-СПОРТаўта" трэці раз удзельнічае ў "Дакары".

Ралі "Дакар-2014" з`яўляецца самым працяглым пасля пераезду ў Паўднёвую Амерыку. Яно праходзіць па тэрыторыі Аргенціны, Балівіі і Чылі. Членам экіпажаў грузавікоў неабходна праехаць 9.188 км, пазадарожнікаў — 9.374 км, пілотам матацыклаў і квадрацыклаў — 8.734 км. Усяго гоншчыкаў чакае 13 ралі-заездаў і адзін дзень адпачынку. Завершыцца ралі 18 студзеня ў чылійскім горадзе Вальпараіса. У гонцы ўдзельнічаюць 174 матацыклы, 40 квадрацыклаў, 147 пазадарожнікаў і 70 грузавых аўтамабіляў.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 17 студзеня 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-1/175/24689
Текущая дата: 25.12.2024