Белорусский портал в Казахстане

Суперкубак Беларусі па футболе выйграў БАТЭ



Уладальнікам Суперкубка Беларусі па футболе стаў барысаўскі БАТЭ.

17 сакавіка ў мінскім футбольным манежы чэмпіён з лікам 1:0 выйграў ва ўладальніка Кубка Беларусі — наваполацкага "Нафтана". Мяч на трэцяй дададзенай хвіліне другога тайма забіў Міхаіл Сівакоў.

"Як мы любім паўтараць, тытулаў зашмат быць не можа, — прыводзіць словы галоўнага трэнера БАТЭ Віктара Ганчарэнкі прэс-служба клуба. — Кожны з іх — чарговая слаўная старонка нашай гісторыі. Вельмі задаволены, як каманда паставілася да сённяшняга матча. Мы някепска выкарысталі замены. На працягу гульні, асабліва другога тайма, мелі добрую перавагу, але ніяк не маглі выйсці на ўдарную пазіцыю. У канцоўцы нам гэта ўдалося. Не хацелася даводзіць справу да пенальці. Хаця ўжо зрабіў замены з прыцэлам на патэнцыяльную серыю 11-метровых. Але Міша Сівакоў своечасова забіў і прынёс нам перамогу".

БАТЭ станавіўся ўладальнікам Суперкубка ў 2010 і 2011 гадах.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН
Мінск, 18 сакавіка 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-1/186/19956
Текущая дата: 16.11.2024