Белорусский портал в Казахстане

За пуцёўку на Алімпіяду-2014 хакейная зборная Беларусі сустрэнецца з Даніяй, Славеніяй і Украінай



Падчас уік-энду адбыліся тры перадкваліфікацыйныя алімпійскія турніры, паведамляе афіцыйны сайт Міжнароднай федэрацыі хакея. Іх пераможніцы — каманды Нідэрландаў, Вялікабрытаніі і Украіны — атрымалі права выступіць у алімпійскай кваліфікацыі ў пачатку лютага.

У групу F да каманд Даніі (12-е месца ў сусветным рэйтынгу), Беларусі (13) і Славеніі (18) трапілі ўкраінцы (20).

Нагадаем, з самага пачатку ўсе прагназавалі, што групу F (у яе павінна была ўліцца самая высокарэйтынгавая каманда з перадкваліфікацыі) дапоўніць Венгрыя, якая займае 19-е месца ў сусветным рэйтынгу. Аднак венгры ў Будапешце ў вырашальным матчы сенсацыйна прайгралі камандзе Нідэрландаў (24). Яшчэ адной пераможніцай перадкваліфікацыі стала каманда Вялікабрытаніі (21). Такім чынам, з пераможцаў трох перадкваліфікацыйных турніраў самы высокі рэйтынг аказаўся ва ўкраінцаў, якія дапоўнілі беларускую групу.

Канчатковыя склады груп алімпійскай кваліфікацыі, якая пройдзе 7—10 лютага 2013 года:

Група D — Германія (10, гаспадар турніру), Аўстрыя (15), Італія (16), Нідэрланды (24);

Група E — Латвія (11, гаспадар турніру), Францыя (14), Казахстан (17), Вялікабрытанія (21);

Група F — Данія (12, гаспадар турніру), Беларусь (13), Славенія (18), Украіна (20).

Пуцёўкі на Алімпіяду атрымаюць толькі пераможцы кожнай з груп.

Аляксандр Ванковіч, БелаПАН
Мінск, 12 лістапада 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-1/194/17610
Текущая дата: 25.12.2024