Белорусский портал в Казахстане

У складзе беларускай нацыянальнай каманды на XIV летніх Паралімпійскіх гульнях — 31 чалавек



17 жніўня ў Мінску прайшла цырымонія провадаў беларускай нацыянальнай каманды на XIV летнія Паралімпійскія гульні, якія пройдуць у Лондане 29 жніўня — 9 верасня.

Міністр спорту і турызму Алег Качан пажадаў паралімпійцам дасягнуць на Гульнях сваіх найвышэйшых вынікаў, а трэнерам і функцыянерам, якія выязджаюць з камандай, — "не быць абыякавымі". "Таму што Лондан — няпросты для нас горад, — заўважыў міністр, — будзьце гатовыя да падножак і падводных камянёў. Зрабіце ўсе, каб нашы спартсмены іх не адчувалі".

"Мы рэальна падыходзім да магчымасцяў нашых спартсменаў і не вязём турыстаў на Паралімпійскія гульні, — заявіў старшыня Паралімпійскага камітэта Беларусі Алег Шэпель. — Галоўная задача кожнага спартсмена — як мінімум увайсці ў васьмёрку. У нас невялікая каманда — 31 чалавек. Але я практычна ўпэўнены, што кожны павінен паказаць той тэхнічны вынік, на які ён здольны. Таму што вы — людзі з вялікай літары, людзі, якіх няма патрэбы кантраляваць у трэніровачным працэсе. Вы — людзі вялікай мужнасці, якія даюць прыклад той катэгорыі людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі (а такіх прыкладна 8% у краіне), якія могуць ганарыцца вамі і падтрымліваць у сабе жыццёвы тонус".

Алег Шэпель прадставіў капітана беларускай паралімпійскай каманды на Гульнях-2012 у Лондане — фехтавальшчыка Мікалая Без`язычнага. "Гэта чалавек, які карыстаецца аўтарытэтам, чалавек, які стварыў сябе сам, заваяваў сярэбраны медаль на мінулай Паралімпіядзе ў Пекіне. Ён зможа годна прадставіць краіну, ідучы на чале нашай дэлегацыі", — выказаў упэўненасць старшыня камітэта.

"Мы з гонарам пранясём сцяг, якія вы давяраеце мне як сцяганосцу. Упэўнены, што прысутныя тут спартсмены не аднойчы дадуць падставу, каб гэты сцяг паднімаўся ў Лондане і каб гучаў наш гімн", — сказаў Мікалай Без`язычны.

БелаПАН, 17 жніўня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-1/197/15898
Текущая дата: 15.11.2024