Белорусский портал в Казахстане

Сабаленка трэці раз згуляе ў фінале турніру WTA-1000 ва Ухане



Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка прабілася ў фінал турніру WTA-1000 у кітайскім Ухане з прызавым фондам $3,2 млн.

Сёння ў першым паўфінальным матчы другая ракетка планеты сустракалася з чацвёртым нумарам сусветнага рэйтынгу амерыканкай Коры Гаўф і перамагла — 1:6, 6:4, 6:4. Паядынак доўжыўся 2 гадзіны 29 хвілін. Ушчэнт прайграўшы першы сэт, Сабаленка саступала ў другой партыі 2:4, але здолела пераламаць ход паядынку і вырвала перамогу. У заўтрашнім вырашальным паядынку саперніцай беларускі будзе пераможца гульні паміж кітайскімі тэнісісткамі Чжэн Цыньвэнь (7-ы нумар рэйтынга WTA) і Сіньюй Ван (51).

На гэтым турніры Сабаленка абыграла ў двух сэтах чэшскую тэнісістку Кацярыну Сінякову — 6:4, 6:4 (37), потым адолела ў трохсэтавым паядынку прадстаўніцу Казахстана Юлію Пуцінцаву (35) — 1:6, 6:4, 6:0, а ў чвэрцьфінале перайграла ў дзвюх партыях польку Магдалену Фрэш (27) — 6:2, 6:2.

Арына Сабаленка з’яўляецца двухразовай пераможцай гэтых спаборніцтваў — яна выйгравала іх у 2018 і 2019 гадах. Цяперашні турнір фінішуе 13 кастрычніка. Чэмпіёнка заробіць 1000 рэйтынгавых балаў і $525,1 тыс.

Звязда, 12 кастрычніка 2024

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-1/2/75503
Текущая дата: 15.11.2024