Белорусский портал в Казахстане

Беларусы з Соstа Соnkоrdіа вяртаюцца дадому



У ноч з 13 на 14 студзеня ў Міжземным моры каля ўзбярэжжа Тасканы пацярпеў крушэнне круізны лайнер "Коста Канкордзія".

Ён наляцеў на скалы на неглыбокім участку, атрымаў прабоіну даўжынёй каля 70 метраў, заваліўся на бок на 80° і амаль цалкам апусціўся пад ваду. Пасажыраў судна, якое села на мель, ратавалі ў тым ліку і пры дапамозе верталётаў, дастаўляючы потым іх у гарады паблізу.

Як перадаюць інфармацыйныя агенцтвы, на борце карабля знаходзілася больш за 4,2 тысячы чалавек — пасажыраў і членаў каманды. Па стане на сярэдзіну дня 16 студзеня было вядома пра 5 загінулых, 15 прапаўшых без вестак і 67 пацярпелых. Пераважная колькасць пасажыраў — гэта замежныя грамадзяне: італьянцы, іспанцы, французы, японцы. Аднак на круізным лайнеры падарожнічала і больш за 100 рускамоўных турыстаў, у асноўным расіян. Па звестках адной з крыніц інфармацыі, гаворка ішла пра 111 грамадзян Расійскай Федэрацыі, уключаючы трох членаў экіпажа. Як высветлілася, на борце судна знаходзіліся і тры беларусы.

Іх дакументы і рэчы, як і ў многіх іншых пасажыраў, патанулі. Таму пасольству Беларусі ў Рыме давялося тэрмінова іх аднаўляць, каб нашы суайчыннікі змаглі вярнуцца на радзіму. Пасля эвакуацыі з лайнера беларусы знаходзіліся ў адной з гасцініц італьянскага горада Савона. Яны не пацярпелі.

— Усе неабходныя дакументы для выезду нашых суайчыннікаў з Італіі ўжо падрыхтаваныя і дастаўленыя ім, — сказалі "Звяздзе" ва ўпраўленні інфармацыі Міністэрства замежных спраў. — Вяртацца дадому людзі вырашылі аўтамабільным транспартам. Яны ўжо ў дарозе.

Сяргей Расолька
Звязда, 17 студзеня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-1/212/11811
Текущая дата: 15.11.2024