Белорусский портал в Казахстане

Лыжны пераход у гонар 105-годдзя Узброеных Сіл зробяць 105 віцебскіх дэсантнікаў



Пра гэта паведаміў начальнік інфармацыйнага цэнтра 103-й Віцебскай паветрана-дэсантнай брыгады Эрнэст Юпатаў.

У гонар 105-годдзя Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь асабовы састаў 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады з 19 па 21 лютага правядзе лыжны пераход па памятных месцах Віцебскага і Лёзненскага раёнаў. 

У паход адправяцца 105 віцебскіх дэсантнікаў. Вайскоўцы за тры дні пераадолеюць дыстанцыю ў 105 км і будуць начаваць у лесе ў палатках. У зададзеных пунктах маршруту іх будзе чакаць палявая кухня з гарачым абедам.

Стартуе лыжны пераход сёння ў Віцебску з вуліцы Журжэўскай, адкуль дэсантнікі адправяцца ў аграгарадок Бабінічы Віцебскага раёна. У гэтым населеным пункце ў 15.00 да брацкай магілы дэсантнікі ўскладуць кветкі і правядуць мітынг разам з адміністрацыяй аграгарадка. Першы начлег плануецца каля вёскі Войтава. На наступны дзень, 20 лютага, дэсантнікі дойдуць да аграгарадка Вароны. Тут таксама да воінскага пахавання часоў Вялікай Айчыннай вайны ў 13.00 лыжнікі пакладуць кветкі ў памяць аб загінулых воінах і ахвярах фашысцкага акупацыйнага рэжыму. Заначаваюць дэсантнікі недалёка ад вёскі Краты.

У апошні дзень лыжнага пераходу яны будуць ісці па тэрыторыі Лёзненскага раёна. У 14.00 наведаюць у райцэнтры мемарыяльны комплекс «Адаменская горка», дзе пахаваны больш за 800 воінаў, у тым ліку партызан. Разам з кіраўніцтвам райвыканкама ўдзельнікі лыжнага пераходу ўскладуць кветкі да памятнага месца. Пасля мітынгу будзе арганізавана выстава ўзбраенняў і ваеннай тэхнікі 103-й Віцебскай паветрана-дэсантнай брыгады, якую жыхары Лёзна змогуць убачыць каля Дома культуры. Тут дзеці і дарослыя таксама пазнаёмяцца з узорамі абмундзіравання, наведаюць інтэрактыўныя зоны, паўдзельнічаюць у цікавых выпрабаваннях, а таксама стануць гледачамі паказальных выступленняў па рукапашным баі віцебскіх дэсантнікаў. Затым асабовы састаў і ветэраны славутага падраздзялення правядуць святочны канцэрт, прысвечаны 105-годдзю Узброеных Сіл Беларусі. З фінальнага пункту лыжнага пераходу віцебскія дэсантнікі адправяцца ў абласны цэнтр.

Звязда, 19 лютага 2023

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-1/27/68459
Текущая дата: 15.11.2024