У Мінску 7 чэрвеня пачынаецца чацвёрты сезон турніру юных тэнісістаў «Залатая ракетка», у якім удзельнічаюць хлопчыкі і дзяўчынкі, чый узрост не перавышае 12 гадоў.
На працягу трох дзён на кортах ГЦАР па тэнісе (вул. Жудро, 40) разам з гаспадарамі будуць спаборнічаць каманды сталічнай СДЮШАР ММЗ імя Вавілава, пінскай СДЮШАР нумар 2 і ДЮСШ нумар 1 Светлагорскага раёна. Матчы другой групы пройдуць 15-17 чэрвеня на кортах тэніснага клуба «Аква-Мінск», трэцяя група згуляе 19-21 чэрвеня ў Гомелі, а заключны тур першага этапу адбудзецца 21-23 ліпеня на базе сталічнай СДЮШАР па тэнісе.
У гэтым сезоне фармат турніру зведаў змяненні. На гэты раз спаборніцтвы праводзяцца ў чатыры этапы, кожны з якіх прадоўжыцца тры гульнявыя дні. У турніры выступіць рэкордная колькасць каманд (16) з усіх рэгіёнаў Беларусі. Спаборніцтвы тэнісістаў, чый узрост не перавышае 12 гадоў, прадоўжацца да кастрычніка. Сустрэчы «Залатой ракеткі» прымуць корты буйнейшых тэнісных цэнтраў Беларусі, што дасць магчымасць юнакам і дзяўчатам з розных гарадоў азнаёміцца з лепшымі тэніснымі базамі краіны. Новы рэгламент максімальна набліжаны да правядзення буйнейшых юніёрскіх камандных спаборніцтваў Еўрапейскай тэніснай федэрацыі.
У 2019 годзе пераможцамі турніру сталі тэнісісты са СГЦ «Тэніс у Сонечным» (Ракаў), а ў 2020 і 2021 гадах лепшымі былі выхаванцы сталічнай СДЮШАР па тэнісе.
Турнір праводзіць Беларуская тэнісная федэрацыя пры падтрымцы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба.
Звязда, 7 чэрвеня 2022
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-1/33/65310
Текущая дата: 16.11.2024