Савет Хакейнай лігі чэмпіёнаў не будзе запрашаць беларускія каманды для ўдзелу ў турніры ў сезоне 2022/2023, паведамілі ў прэс-службе Федэрацыі хакея Беларусі.
Гэта адносіцца як да будучага нацыянальнага чэмпіёна, так і да магчымага пераможцу Кантынентальнага Кубка ІІХФ. Рашэнне прадыктавана адсутнасцю рэгулярных авіязносін, якія не даюць магчымасці ўсім удзельнікам планаваць перамяшчэнне загадзя. Абавязковай умовай Хакейнай лігі чэмпіёнаў з’яўляецца перамяшчэнне каманд, балельшчыкаў, афіцыйных асоб, спонсараў і пастаўшчыкоў паслуг да месца правядзення матчаў без абмежаванняў. На думку арганізатараў турніру, цяпер адносна пералётаў у Беларусь такія ўмовы быць забяспечаны не могуць.
«Рашэнне абумоўлена не спартыўнымі прычынамі, а ўплывам знешніх фактараў, прычым навязаных зусім далёкімі ад спорту людзьмі. І мы як частка беларускай спартыўнай грамадскасці, гэта дакладна разумеем. Упэўнены, Ліга чэмпіёнаў не далічыцца як мінімум адной яркай каманды з Беларусі. Дастаткова зірнуць на ўзровень канкурэнцыі, які ў гэтым сезоне мы назіраем у экстралізе. Але гэта іх выбар. У нашых клубаў дастаткова пераможных традыцый, яны ўжо паказвалі канкурэнтны хакей на міжнароднай арэне і маглі б зрабіць гэта зноў», — пракаментаваў сітуацыю старшыня ФХБ Аляксандр Багдановіч.
У бягучым сезоне Хакейнай лігі чэмпіёнаў засталося правесці толькі адзін матч. 1 сакавіка ў фінале турніру згуляюць шведскі клуб «Рэгле» і «Тапара» з Фінляндыі.
Звязда, 4 лютага 2022
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-1/41/63313
Текущая дата: 16.11.2024