Белорусский портал в Казахстане

Беларус Юрый Голуб заваяваў другое золата Паралімпійскага ЧС па лыжных відах спорту



Беларус Юрый Голуб заваяваў сваё другое золата Паралімпійскага чэмпіянату свету па лыжных відах спорту ў нарвежскім Лілехамеры.

16-га студзеня разам з лідарам Уладзімірам Чапеліным Юрый Голуб выйграў гонку біятланістаў на 10 км для спартсменаў з парушэннем зроку. Учора іх тандэм быў лепшым на спрынтарскай дыстанцыі працягласцю 6 км. Акрамя таго, Юрый Голуб з лідэрам Мікітам Маслоўскім заваяваў бронзавы медаль лыжнай гонкі на 12,5 км класічным ходам.

У актыве беларусаў яшчэ дзве ўзнагароды. У першы дзень спаборніцтваў золата сусветнага першынства ў скарбонку беларускай каманды прынесла Святлана Саханенка (лідар — Дзмітрый Будзіловіч), якая першынствавала ў лыжнай гонцы на 10 км класічным ходам сярод інвалідаў па зроку. Валянціна Шыц стала ўладальніцай срэбра на дыстанцыі 7,5 км сярод інвалідаў-калясачнікаў.

На гэтым чэмпіянаце планеты Беларусь прадстаўляюць больш за 20 спартсменаў, якія ўдзельнічаюць у спаборніцтвах па лыжных гонках і біятлоне. Усяго ў Лілехамеры выступаюць каля 800 атлетаў з усёй планеты. Гэта першы паралімпійскі Чэмпіянат свету па снежных відах – лыжных гонках, горных лыжах, біятлоне і сноўбордзе, які праходзіць у адной краіне.

Спаборніцтвы ў Лілехамеры завершацца 23 студзеня, пасля чаго група беларускіх біятланістаў і лыжнікаў адправіцца ў Шведскі Эстэрсунд, дзе адбудзецца заключны этап Кубка свету перад Паралімпіядай-2022. Зімовыя Паралімпійскія гульні пройдуць у Пекіне з 4 па 13 сакавіка.

Звязда, 16 студзеня 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-1/42/62937
Текущая дата: 16.11.2024