Ганна Гуськова заваявала «срэбра» ў спаборніцтвах па лыжнай акрабатыцы.
У суперфінале Ганна атрымала 107,95 бала за свой скачок. Алімпійскай чэмпіёнкай стала кітайская спартсменка Ксю Ментао, чый скачок суддзі ацанілі на 108,61 бала. На трэцім месцы — Меган Нік, прадстаўніца ЗША, яна скокнула на 93,76 бала.
Свае віншаванні спартсменцы накіраваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
«Дарагая Аня! Чакалі! Мы вельмі чакалі гэтага медаля! Віншую! Гэта срэбра — з залатым адлівам, таму што апярэдзіла цябе толькі прадстаўніца краіны — гаспадыні Алімпійскіх гульняў. Гонар за цябе і нашу школу фрыстайла!», — сказана ў віншаванні.
З алімпійскім медалём Ганну павіншаваў прэздіэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Віктар Лукашэнка. «Дарагая Ганна! У спаборніцтвах па лыжнай акрабатыцы ты прадэманстравала сапраўдныя чэмпіёнскія якасці, упэўнена здзейсніўшы свой скачок у суперфінале. Гэтак уражлівы вынік — заслужаная ўзнагарода за твой спартыўны талент, майстэрства, мэтанакіраванасць. І вядома, гэта сведчанне напружанай, самаахвярнай працы тваіх трэнераў, настаўнікаў», — гаворыцца ў віншаванні.
Не хавала сваіх пачуццяў і гераіня дня. Сваімі эмоцыямі яна падзялілася з прэс-службай НАК Беларусі. «Калі прызямлілася пасля вырашальнай спробы, зразумела, што зрабіла ўсё, што магла. Эмоцыі перапаўняюць! Адзначу, што гэты скачок мінулым разам я скакала ў Пхенчхане чатыры гады таму. Рашэнне выконваць такі складаны скачок мы прынялі ўжо на схіле, калі пасля другой спробы я зразумела, што трэба ісці ва-банк. Была ўпэўненая ў сваіх сілах, праўда, яго было вельмі складана зрабіць, бо ў мяне ён быў толькі ў галаве. Вялікі дзякуй усім, хто за мяне перажываў, падтрымліваў, хварэў, мы зрабілі гэта разам. Я не магу паверыць сваім вачам, што гэта адбылося. Ура!», — адзначыла Ганна Гуськова.
Міністр спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Сяргей Кавальчук у сваім віншаванні падкрэсліў, што рызыка са скачком высокай складанасці апраўдала сябе: «У адказны момант Аня сабралася і выдала скачок з залатым адлівам, у такой сур’ёзнай канкурэнцыі такі высокі вынік — несумненны поспех нашага спорту. Гэта праца вялікай колькасці людзей — нашых маладых і перспектыўных трэнераў, усёй каманды, і, на шчасце, чатыры гады ўпартай падрыхтоўкі выліліся ў такі важны для нашай краіны медаль».
Намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці РЦАП па фрыстайле Святлана Папова расказала, што ўвесь алімпійскі цыкл быў вельмі няпростым для фрыстайлістаў. Каманду пераследвалі траўмы, пандэмія, адсутнасць снегу, не заўсёды мелася магчымасць правесці гарналыжную падрыхтоўку або выехаць на водны трамплін на адкрытым паветры.
«Траўма была і ў Ані, пасля Пхенчхана яна два сезоны практычна не выступала, а сёлета выконвала толькі нескладаныя скачкі. І тым не менш яна амаль заўсёды выходзіла ў суперфіналы на этапах Кубка свету. Так, было мала прызавых месцаў, але спартсменка заўсёды знаходзілася ў топе, адчувала канкурэнцыю і назірала за саперніцамі. І на гэтай падставе быў распрацаваны адмысловы тактычны план пад Алімпійскія гульні. Аня працавала па праграме блокавай падрыхтоўкі, ад простага да складанага, але без фарсавання. І ў выніку ўсё атрымалася — на ўсіх стадыях сённяшняга турніру Ганна выконвала проста бездакорныя скачкі, што і прынесла такі вынік», — прыводзіць словы Святланы Паповай БелТА.
Аднак усе складанасці, праблемы, траўмы згаслі перад ззяннем алімпійскага срэбнага медаля. Шлях на Алімп ніколі не бывае лёгкім і Ганна Гуськова, алімпійская чэмпіёнка 2018 года, срэбны прызёр Гульняў −2022 гэта даказала.
Аўтар: Валерыя Сцяцко
Звязда, 14 лютага 2022
Звязда, 14 лютага 2022
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-1/42/63458
Текущая дата: 27.12.2024