Белорусский портал в Казахстане

Арына Сабаленка ў 15-ы раз згуляе ў фінале турніраў WTA



Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка, якая займае сёмае месца ў сусветным рэйтынгу, правядзе 8 траўня вырашальны паядынак турніру катэгорыі WTA-1000 у Мадрыдзе з агульным прызавым фондам 2,5 млн эўра.

У сённяшнім фінале саперніцай беларускі будзе першая ракетка планеты аўстралійка Эшлі Барці. Два тыдні таму яны сустракаліся ў фінальным матчы турніру ў нямецкім Штутгарце, і тады Арына Сабаленка саступіла — 6: 3, 0: 6, 3: 6. Для лепшай беларускай тэнісісткі гэта будзе 15-ы ў кар’еры фінал турніраў пад эгідай WTA, у дзевяці з якіх яна перамагала. Апошні тытул Арына Сабаленка, выйграла ў сярэдзіне студзеня гэтага года ў Абу-Дабі. Эшлі Барці ў 17-ы раз згуляе ў фінале, у 11 з іх яна выйгравала, у тым ліку 3 — у гэтым сезоне. Раней сённяшнія фіналісткі правялі паміж сабой сем паядынкаў, у чатырох з якіх перамагала аўстралійская тэнісістка.

Да фінала Арына Сабаленка перамагла расейскіх тэнісістак Веру Званарову (114-ы нумар сусветнага рэйтынгу), Дар’ю Касаткіну (37) і Анастасію Паўлючэнкаву (41), а таксама амерыканку Джэсіку Пегулу (33) і бельгійку Элізу Мертэнс (16). Пасля завяршэння гэтых спаборніцтваў беларуска палепшыць сваю пазіцыю ў рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі.

Звязда, 8 траўня 2021

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-1/56/59197
Текущая дата: 16.11.2024