Белорусский портал в Казахстане

Беларус Іван Сіняк стаў срэбным прызёрам чэмпіянату свету па боксе сярод юніёраў



У сталіцы Арменіі Ерэване падышоў да канца чэмпіянат свету па боксе сярод спартсменаў не старэйшых за 16 гадоў, удзел у якім прымалі беларускія баксёры.

У заключны дзень турніру адбыліся 13 фінальных паядынкаў. Нашу краіну на спаборніцтвах прадстаўлялі 17 баксёраў, да бою за золата дабраўся толькі Іван Сіняк, які выступае ў вагавой катэгорыі да 66 кг. На стадыі адной восьмай фіналу беларус адолеў карэйца Се Дзін Хонга, у чвэрцьфінале Сіняк перамог Абубакра Гафурава з Таджыкістана, а ў паўфінале быў мацнейшы за мексіканца Дэвіда Торэса. Супернікам Івана па паядынку за чэмпіёнства стаў мясцовы баксёр Аргішті Хакобян, які і атрымаў перамогу аднагалосным рашэннем суддзяў. У беларуса — срэбра.

Такім чынам, на юніёрскім чэмпіянаце свету па боксе беларускія спартсмены заваявалі два медалі: раней бронзавым прызёрам планетарнага форуму ў вазе да 80 кг стаў Андрэй Румянцаў. Пятыя месцы ў сваіх катэгорыях занялі нашы Сяргей Заяц (да 46 кг), Цімур Сянкевіч (да 57 кг), Уладзіслаў Каўраў (да 60 кг), Ангеліна Гізоўская (да 46 кг), Вікторыя Коваль (да 57 кг) і Марыя Блізнюк (да 60 кг).

Усяго ўдзел у спаборніцтвах у Арменіі прынялі 357 баксёраў з 51 краіны, якія разыгралі 26 камплектаў узнагарод (па 13 у хлопцаў і дзяўчат).

Звязда, 4 снежня 2023

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-1/6/71650
Текущая дата: 21.05.2024