Белорусский портал в Казахстане

Жаночы чэмпіянат Беларусі па футболе стартуе 30 красавіка



Жаночы чэмпіянат Беларусі па футболе стартуе 30 красавіка. Такое рашэнне прынята сёння на пасяджэнні выканкама асацыяцыі "Беларуская федэрацыя футбола" ў Мінску.

Першапачаткова планавалася пачаць жаночае першынство 16 красавіка, але потым АБФФ вырашыла адкласці старт у сувязі з тым, што некалькі футбалістак, якія ўдзельнічаюць у турніры, кантактавалі з магчымымі носьбітамі COVID-19. Праведзеныя тэсты на наяўнасць віруса далі адмоўныя рэзультаты.

Такім чынам, у першым туры дзеючыя чэмпіёнкі, уладальніцы Кубка і Суперкубка краіны футбалісткі "Мінска" прымуць на сваім полі магілёўскі "Днепр". Уладальнік сярэбраных медалёў мінулага першынства сталічная "Зорка-БДУ" першы паядынак правядзе ў гасцях супраць выхаванак Брэсцкага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву, бронзавы прызёр гродзенскі "Нёман" згуляе на выездзе з футбалісткамі "Бабруйчанкі". Акрамя таго, сталічная каманда "Дынама-БДУФК" прыме юніёрскую зборную Беларусі (U-19).

29-й жаночы чэмпіянат Беларусі пройдзе ў тры кругі і прадоўжыцца да 8 лістапада, калі павінны адбыцца заключныя паядынкі. Апошнія сем гадоў чэмпіёнам нязменна станавіўся "Мінск", а больш за ўсё тытулаў у "Бабруйчанкі", якая 12 разоў заваёўвала залатыя медалі. Чэмпіёнкамі таксама былі футбалісткі віцебскага "Універсітэта" (шэсць разоў), магілёўскай "Надзеі" (два) і брэсцкай "Вікторыі" (адзін).

23 красавіка 2020, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-1/70/53100
Текущая дата: 15.11.2024