Белорусский портал в Казахстане

Беларускія шашысткі перамаглі каманду Сурынама ў 9-м туры анлайн-турніру Кубка нацый



Беларускія шашысткі з лікам 6:2 выйгралі ў каманды Сурынама ў дзявятым туры анлайн-турніру Кубка нацый. Спаборніцтвы праходзяць па 100-клетачных шашках пад эгідай Сусветнай федэрацыі шашак (FMJD).

Цяпер жаночая каманда Беларусі з 11 баламі знаходзіцца на пятым месцы турнірнай табліцы.

У жаночых спаборніцтвах прымаюць удзел 11 каманд. Яны гуляюць па кругавой сістэме, шэсць лепшых выходзяць у плэй-оф. У першым туры беларуская каманда абыграла зборную Нідэрландаў. Другі раўнд яна прапусціла з-за няцотнай колькасці ўдзельнікаў, у трэцім згуляла ўнічыю са спартсменкамі з Украіны. У чацвёртым туры беларускі адолелі Латвію, у пятым уступілі прадстаўніцам Расіі, у шостым атрымалі вікторыю над Ізраілем, але прайгралі потым спартсменкам з Манголіі. У восьмым раўндзе беларускія шашысткі перамаглі каманду з Кітая.

Беларуская мужчынская каманда ў матчы ў адказ 1/8 фіналу ўступіла камандзе Гвінеі-Бісау (4:4) і выбыла з турніру. У першай сустрэчы беларусы ўступілі сваім апанентам з лікам 3:5. Па выніках папярэдняга этапу яны займалі чацвёртае месца, набраўшы 10 балаў. У мужчынскім турніры 29 зборных па швейцарскай сістэме ў сямі турах вызначалі 14 удзельнікаў плэй-оф. Усяго беларускія спартсмены выйгралі пяць тураў і ўступілі ў двух.

Нядаўна праводзіліся матчавыя паядынкі, якія сталі этапам падрыхтоўкі да Кубка нацый. Беларускія шашысты ўступілі камандзе Нідэрландаў з агульным лікам 21:27 і атрымалі перамогу над зборнай Украіны - 25:23.

Ужо з 1 па 8 жніўня пройдзе першы анлайн-турнір Кубка Еўропы сярод моладзі па шашках-100. Тэставыя спаборніцтвы адбудуцца 25 ліпеня і пачнуцца ў 18.00. На турнір заяўлены больш за 600 гульцоў з 12 краін.

20 ліпеня 2020, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-1/70/54704
Текущая дата: 26.12.2024