У прэс-службе Агенцтва па кіраванні надзвычайнымі сітуацыямі МУС Грузіі паведамілі, што па дапамогу ратавальнікаў 14 жніўня ўвечары звярнуўся турыст з групы, якая падымалася на гару Тэтнулдзі ў рэгіёне Сванеція. Ён паведаміў, што пры спуску тры жанчыны зніклі.
Пошукі працягваліся ўсю ноч, учора раніцай да аперацыі далучыўся верталёт пагранічнай службы. У выніку былі знойдзены целы дзвюх жанчын, трэцяя ў цяжкім стане дастаўлена ў цэнтральную бальніцу горада Месціа, што за 20 кіламетраў ад месца здарэння.
Саветнік Пасольства Беларусі ў Грузіі Алег Гарохавик праінфармаваў карэспандэнта, што жанчына атрымала чэрапна-мазгавую траўму і пераломы. Пасля медыцынскага абследавання, якое доўжылася ўвесь дзень, лячэнне павінна працягнуцца ў Тбілісі.
«МУС Грузіі заведзена крымінальная справа. Да завяршэння расследавання целы загінулых жанчын будуць заставацца ў Грузіі», — сказалі ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі.
Беларуска, якая пацярпела ў Сванеціі, — жыхарка Брэста 1967 года нараджэння. Па месцы работы яе мужа (яны разам знаходзіліся ў горным паходзе) пацвердзілі, што сужэнцы шмат гадоў займаюцца аматарскім альпінізмам. У Грузію Сяргей і Алена С. накіраваліся падчас водпуску мужа. Жонка — хатняя гаспадыня.
Як паведаміў старшыня брэсцкага горна-турыстычнага клуба «Цытадэль» Сяргей Паўлавец, Сяргей і Алена С. сапраўды дзесяцігоддзямі займаліся альпінізмам. «Гэта не навічкі», — падкрэсліў ён. Ён ведае іх асабіста і сказаў, што гэтую сямейную пару можна назваць ветэранамі клуба, які аб`ядноўвае ў асноўным студэнтаў і дзе менавіта маладыя людзі з`яўляюцца актыўнымі членамі. Клуб, тым не менш, ужо адзначыў сваё 45-годдзе. Каментаваць здарэнне ў Грузіі Сяргей Паўлавец адмовіўся з-за недахопу на момант падрыхтоўкі публікацыі дакладнай інфармацыі.
Гара Тэтнульд (ці Тэтнульдзі) лічыцца адной з самых прыгожых у Сванеціі. Гэта 10-я па вышыні вяршыня Каўказа. Па інфармацыі спецыялізаваных крыніц, зрыў удзельніка ў нязручным месцы можа паставіць пад пагрозу гібелі цэлую групу. Для праходжання альпінісцкага маршруту ў сярэднім патрабуецца 12—15 гадзін.
Аўтар: Варвара Марозава
Звязда, 16 жніўня 2019
Звязда, 16 жніўня 2019
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-1/85/49387
Текущая дата: 15.11.2024