Яркая насычаная праграма падарыла гасцям і ўдзельнікам імпрэзы шмат пазітыву і энергіі. Інтэрактывы, майстар-класы, канцэрты, квэсты... Але ж пра ўсё па парадку.
Паводле слоў кіраўніка НАК Віктара Лукашэнкі, Паставы былі выбраны для фестывалю невыпадкова: «Па парадку ідуць Брэсцкая вобласць, Віцебская, а наступнай будзе Гомельская. Улічваецца шэраг крытэрыяў па гарадах: наяўнасць пляцоўкі, каб горад быў невялікі і каб у ім было няшмат мерапрыемстваў такога маштабу».
Ён адзначыў таксама тое, што ў Паставах дастойная спартыўная інфраструктура: «Мы бачылі стадыёны, якія, я думаю, маюцца не ў кожным раёне Мінска. Ёсць фізкультурна-аздараўленчыя комплексы, зала для барацьбы. Гэта цудоўныя месцы для горада з насельніцтвам 20 тысяч чалавек. Я жыў у такім горадзе, і тады нам пра гэта можна было толькі марыць. Паставы могуць ганарыцца сваёй інфраструктурай».
Таксама кіраўнік НАК адзначыў, што за пяць гадоў існавання фестываль прыносіць свой плён — усё больш дзяцей прыходзіць у спорт.
«Мы правялі даследаванні: пасля фестывалю колькасць жадаючых заняцца спортам павялічваецца на 20 %. Зразумела, не ўсе застануцца ў секцыях, але калі хаця б 10 % застанецца — гэта будзе нашай вялікай заслугай. Хобі і прафесійны спорт вельмі важныя сёння», — зазначыў ён.
Цэнтрам прыцягнення свята стала пляцоўка гарадскога стадыёна ФСК. Менавіта там і разгортваліся асноўныя мерапрыемствы. Прыемным падарункам ад НАК Беларусі для маладога пакалення стаў сучасны скейт-ролер-парк з варкаўт-пляцоўкай, які ўрачыста адкрылі падчас фестывалю.
Прысутнічаў на свяце і Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка. Паводле яго слоў, гэтае мерапрыемства ўжо цвёрда ўвайшло ў грамадскае жыццё нашай краіны. Ён дадаў таксама, што такія мерапрыемствы ідуць на карысць развіцця малых гарадоў, у тым ліку і Пастаў.
«Значэнне велізарнае: гэта не толькі далучэнне да нашай гісторыі і культуры, але і магчымасць паказаць свае спартыўныя дасягненні, паразмаўляць з вядучымі спартсменамі. Ну і ў цэлым гэта пэўны рухавік для любога горада, тым больш для невялікага раённага цэнтра. Паставы — горад, які дынамічна развіваецца. Тут ёсць сур’ёзная прамысловая база і вядучыя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы Віцебскай вобласці. І „Вытокі“ — гэта выдатны дадатак да таго, што ёсць сёння», — заключыў ён.
Безумоўна, галоўнай падзеяй свята стаў традыцыйны Алімпійскі квэст, падчас якога дзеці да 14 гадоў на 26 спартыўных пляцоўках выконвалі заданні па кожным відзе спорту. Дапамагалі юным атлетам вопытныя настаўнікі: кваліфікаваныя трэнеры, вядомыя спартсмены, прызёры Алімпійскіх гульняў, чэмпіянатаў свету і Еўропы.
Новай цікавай лакацыяй таксама стаў сумесны праект РНПЦ спорту і НАК Беларусі «У пошуках зорак: талент у кожным дзіцяці!», падчас якога дзеці праходзілі комплекснае дыягнастычнае тэставанне для выяўлення схільнасці да таго ці іншага віду спорту.
Кожны фестывальны дзень заканчваўся цікавымі мерапрыемствамі на вялікай сцэне: прагляды фільмаў, тэатральных пастановак і канцэртаў. А завяршылася свята маляўнічым феерверкам і дыскатэкай.
Аўтар: Лізавета Голад
Звязда, 9 чэрвеня 2025
Звязда, 9 чэрвеня 2025
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-3/1/78162
Текущая дата: 10.06.2025