Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
"Міжнародная каманда альпіністаў практычна за месяц выканала вельмі складанае ўзыходжанне і, нягледзячы на ўсе цяжкасці, устанавіла знакавыя для нашай краіны сімвалы на самай высокай кропцы планеты", - расказалі ў прэс-службе.
ФПБ нагадала, што гэта сумесны праект Беларускай Федэрацыі альпіністаў і Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Старт яго адбыўся ў красавіку на Кургане Славы - адным з галоўных сімвалаў барацьбы беларускага народа за мір і незалежнасць. У гэтым годзе адзначаецца 80-годдзе пачатку Вялікай Айчыннай вайны. І сімвалічна, што Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь, копія Сцяга Перамогі і зямля з Кургана Славы падняты на Эверэст менавіта напярэдадні гэтай трагічнай для ўсяго свету даты - як яшчэ адзін напамін аб каштоўнасці і важнасці міру для кожнага.
"Узыходжанне на Эверэст заўсёды звязана са шматлікімі складанасцямі і праходзіць у некалькі этапаў. Спартсменам неабходна прайсці акліматызацыю на розных вышынях, арганізоўваць прамежкавыя базы, улічваць умовы надвор`я і стан свайго здароўя. У рэшце рэшт поспех такіх экспедыцый залежыць не толькі ад тэхнічнага складніка, але і ад таго, наколькі зладжана дзейнічае каманда альпіністаў і, безумоўна, ад мэтанакіраванасці і сілы духу кожнага з удзельнікаў, - падкрэслілі ў прэс-службе Федэрацыі прафсаюзаў. - У цяперашняй экспедыцыі таксама не абышлося без форс-мажору. Адзін з удзельнікаў, Вадзім Фралоў, па стане здароўя на адным з этапаў вымушаны быў перапыніць узыходжанне. Тым не менш яго калегі прадоўжылі шлях і ўстанавілі на самай высокай кропцы планеты Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь і копію Сцяга Перамогі. Гэта экспедыцыя, безумоўна, стала знакавым укладам у захаванне нашай гісторыі, нашай памяці, а значыць, і ўкладам у захаванне міру на зямлі. Наша краіна - адна з найбольш пацярпелых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Устаноўка на Эверэсце сімвалаў таго, якой цаной нам удалося адстаяць права людзей на жыццё, павінны нагадваць кожнаму, як важна захоўваць мір, паважаць суверэнітэт і незалежнасць краін".
Звязда, 25 траўня 2021
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-3/11/59452
Текущая дата: 24.11.2024