Белорусский портал в Казахстане

Фінальны этап "Скуранога мяча" стартаваў у Мінску



Фінальны этап рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па футболе "Скураны мяч" на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба стартаваў 6-га верасня на палях ФК "Мінск".

Традыцыйна турнір праводзіцца ў трох узроставых групах хлопчыкаў (малодшай, сярэдняй і старшай) і адной узроставай групе дзяўчынак. У рэспубліканскіх фіналах прымаюць удзел мацнейшыя каманды Беларусі, якія прайшлі сіта адборачных этапаў. Гэта сапраўднае футбольнае свята для ўсіх яго ўдзельнікаў, бо акрамя прыгожай гульні і незабыўных уражанняў, юнакі і дзяўчаты атрымліваюць бясцэнны гульнявы вопыт, а таксама разнастайныя прызы і памятныя падарункі ад Прэзідэнцкага спартыўнага клуба.

У фінальны этап прабіліся 32 каманды з усіх рэгіёнаў краіны. На першым этапе ўдзельнікі падзелены на групы. Групавы этап фінішуе 8 верасня, а 9 верасня адбудуцца стыкавыя паядынкі за падагульняючыя пазіцыі - каманды, якія занялі 1-я месцы, згуляюць матч за першае месца, 2-я месцы - за трэцяе месца, 3-я месцы - за пятае, 4-я месцы - за сёмае месца.

Турнір "Скураны мяч" упершыню быў праведзены ў Савецкім Саюзе ў 1964 годзе, прычым першым пераможцам усесаюзнага фіналу стала мінская каманда "Чайка". Пасля распаду СССР спаборніцтвы юных футбалістаў у Беларусі былі адроджаны ў 1997 годзе. У іх могуць удзельнічаць толькі тыя, хто не займаецца ў спецыялізаваных футбольных школах і акадэміях.

Арганізатарамі спаборніцтваў з`яўляюцца Прэзідэнцкі спартыўны клуб, Міністэрства спорту і турызму, Міністэрства адукацыі, асацыяцыя "Беларуская федэрацыя футбола" і БРСМ.

6 верасня 2021, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-3/11/60401
Текущая дата: 28.12.2024