Белорусский портал в Казахстане

Беларусь ўвайшла ў лік 10 найлепшых для падарожжаў



Лета — традыцыйны пік адпускнога сезону. Дзе мараць адпачываць беларусы? Турысты з якіх краін і з якой мэтай часцей за ўсё наведваюць Беларусь? Пра гэта расказалі прадстаўнікі Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму і беларускай туріндустрыі.

Мы хочам туды, дзе мора і горы

Як лічыць старшыня праўлення Рэспубліканскага саюза турыстычнай індустрыі Філіп Гулы, на адпачынку нашы суайчыннікі хочуць бачыць карцінку, якая адрозніваецца ад беларускіх краявідаў, — і гэта, як правіла, мора і горы. Але пры гэтым беларусы досыць кансерватыўныя і, як правіла, не вельмі імкнуцца да экзотыкі. Таксама большасць з нас хочуць, каб працягласць палёту была меншай за тры гадзіны. Усім гэтым пажаданням, па словах Філіпа Гулага, больш за ўсё адпавядаюць паўднёвая Украіна, Балгарыя, Харватыя, Чарнагорыя, Грэцыя.

Кансультант аддзела планавання і арганізацыі турыстычнай дзейнасці Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Марына Масташова адзначае, што ў топе краін, дзе адпачываюць беларускія турысты, традыцыйна знаходзіцца Егіпет (летась там адпачылі 212 тысяч беларусаў), на другім месцы Турцыя. У апошнія гады набіраюць папулярнасць Грузія і Албанія. Сёлета многія тураператары адзначылі рост попыту на адпачынак у Грэцыі і Тунісе.

Сярод бюджэтных напрамкаў актыўным попытам карыстаюцца аўтобусныя туры ў Адэскую, Херсонскую і Мікалаеўскую вобласці Украіны, запатрабаваныя таксама курорты Краснадарскага краю, Сочы і Крыма.

Акрамя таго, за апошнія тры гады, па словах Філіпа Гулага, у нас намецілася добрая тэндэнцыя вылетаў з рэгіёнаў. З развіццём рэгіянальных аэрапортаў жыхарам Віцебска, Гродна, Гомеля і Магілёва няма сэнсу на некаторыя масавыя напрамкі купляць білеты з Мінска: цяпер яны могуць вылецець і са сваіх гарадоў.

Да нас часцей за ўсё прыязджаюць у санаторыі і па справах

Спецыялісты адзначаюць рост пазнавальнасці Беларусі за мяжой. Так, апошнім часам наша краіна ўвайшла ў міжнародныя рэйтынгі месцаў для адпачынку і падарожжаў. У прыватнасці, мы перамаглі ў намінацыі «Агратурызм» рэйтынгу Nаtіоnаl Gеоgrарhіс Trаvеlеr Аwаrds 2018 і ўвайшлі ў дзясятку найлепшых краін для падарожжаў у 2019 годзе па версіі Lоnеlу Рlаnеt. А Мінск узначаліў топ-10 гарадоў, рэкамендаваных брытанскай газетай Thе Іndереndеnt для наведвання сёлета.

Гэтаму спрыяла, у прыватнасці, устанаўленне бязвізавага рэжыму, а таксама падаўжэнне тэрміну бязвізавага знаходжання ў Беларусі для замежных турыстаў у мінулым годзе з 5 да 30 дзён. Станоўчыя вынікі, па словах Марыны Масташовай, не прымусілі сябе чакаць. З пачатку дзеяння бязвізавага рэжыму праз Нацыянальны аэрапорт Мінск нашу краіну наведалі 243 955 чалавек з 71 краіны свету.

Дзякуючы лібералізацыі візавага рэжыму павялічылася і колькасць замежных турыстаў, якія прыбываюць праз спецыяльныя турыстычныя зоны. У прыватнасці, Гродна і беларускую частку Аўгустоўскага канала з моманту ўвядзення бязвізавага рэжыму (кастрычнік 2016 года) наведалі 193 746 замежнікаў. Белавежскую пушчу і турысцка-рэкрэацыйную зону «Брэст» у бязвізавым парадку з 1 студзеня 2018 года і па 7 чэрвеня гэтага года наведалі больш за 28 820 замежных турыстаў.

Усяго нашу краіну, па звестках Дзяржпагранкамітэта, летась наведалі 4 791 951 чалавек.

На думку экспертаў, летась у топ-10 краін, з якіх да нас часцей за ўсё прыбывалі турысты, увайшлі Украіна, Расія, Літва, Польшча, Латвія, Малдова, Германія, Казахстан, Турцыя і Ізраіль. У цэлым найчасцей у нашу краіну прыязджаюць, каб адпачыць і падлячыцца ў санаторыях. На другое месца спецыялісты турыстычнай галіны ставяць дзелавы турызм. Трэцяе месца займае экскурсійны турызм, а ў апошнія гады папулярным кірункам робяцца і актыўныя віды турызму.

Дарэчы

Зараз ідзе актыўная работа над удасканаленнем заканадаўства ў сферы турызму. У прыватнасці, ужо ў ліпені плануецца вынесці на грамадскае абмеркаванне праект змяненняў у закон «Аб турызме». Абноўленая рэдакцыя закона, як мяркуецца, будзе прынята да канца гэтага года. Спецыялісты адзначаюць, што вялікае значэнне ў новай рэдакцыі закона будзе нададзена абароне правоў турыстаў, а таксама абароне добрасумленных тураператараў, якія працуюць на нашым рынку.

Аўтар:
Святлана Бусько
Звязда, 20 чэрвеня 2019

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-3/19/48806
Текущая дата: 24.11.2024