Белорусский портал в Казахстане

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў прывітанне дэлегатам і гасцям 16-га з`езда ДТСААФ



Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

"Аб`ядноўваючы ў сваіх радах беззапаветна адданых Радзіме, актыўных і энергічных маладых людзей, ДТСААФ на працягу многіх дзесяцігоддзяў з`яўляецца сапраўднай школай мужнасці і патрыятызму для падрастаючага пакалення", - гаворыцца ў віншаванні.

Кіраўнік дзяржавы асабліва адзначыў значны ўклад, які арганізацыя ўносіць у прапаганду здаровага ладу жыцця, падрыхтоўку юнакоў да службы ў арміі, спецыялістаў для народнай гаспадаркі і высакакласных спартсменаў, якія займаюць вядучыя пазіцыі ў свеце па тэхнічных, авіяцыйных і ваенна-прыкладных відах спорту, услаўляючы Беларусь сваімі яркімі перамогамі.

"Упэўнены, што ДТСААФ і ў далейшым будзе служыць краіне і справе ўмацавання абараназдольнасці дзяржавы, а прынятыя вамі на з`ездзе рашэнні паслужаць умацаванню аўтарытэту самой арганізацыі і яе далейшаму паспяховаму развіццю", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка пажадаў усім удзельнікам з`езда плённай працы, бадзёрасці і аптымізму, а ветэранам, супрацоўнікам і спартсменам ДТСААФ - моцнага здароўя, міру, дабрабыту і новых здзяйсненняў на карысць Беларусі.

25 кастрычніка 2023, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-3/2/71306
Текущая дата: 17.05.2024