Афіша мерапрыемстваў, якія пройдуць у выхадныя і некаторыя будныя дні ў цэнтры сталіцы, размешчана на сайце Мінгарвыканкама.
Першыя культурныя мерапрыемствы бягучага сезона запланаваны на вячэрні час рабочай суботы 4 мая. На плошчы Свабоды з 20.30 да 22.00 для мінчан выступяць MIKITA / Made-Up і Wordsmith (ЗША).
Пасля святкавання Дня Перамогі 9 мая па асобнай праграме, распрацаванай арганізатарамі, чарговую рабочую суботу 11 мая можна будзе таксама нясумна завяршыць дзякуючы музычнай праграме "Танцавальны Open Air" на плошчы Свабоды.
А ўжо з 18 мая кожную суботу з абеда да позняга вечара мінчане змогуць актыўна і культурна праводзіць свой вольны час на тэрыторыі Верхняга горада і іншых арт-пляцоўках у цэнтры сталіцы. У праграме заяўлены гістарычныя тэатральныя інтэрактыўныя паказы, фестываль вулічнай музыкі "Месца пад сонцам", музычны праект "Пешаходка", рэспубліканскі фестываль-кірмаш "Вясновы букет", тэматычная праграма "Гукі вуліц", танцавальныя пастаноўкі і майстар-класы, кінапаказы, аркестравыя сіесты і джазавыя вечары. Асаблівае месца ў афішы выхаднога дня займаюць канцэрты "Джазавыя суботы" і "Класіка каля ратушы", якія традыцыйна збіраюць вялікую колькасць аматараў жывой музыкі.
1 чэрвеня адбудзецца адкрыццё тэатральнага праекта "No stage / Без сцэны", мерапрыемствы якога стануць традыцыйнымі для музычна-турыстычнага сезона. Для мінчан і гасцей сталіцы на вуліцах Рэвалюцыйная і Камсамольская будуць выступаць артысты арыгінальнага жанру, вулічныя, пластычныя, прафесійныя тэатры і іншыя творчыя аб`яднанні тэатральнай накіраванасці.
У перыяд правядзення II Еўрапейскіх гульняў у Мінску кожны будны дзень з 24 па 28 чэрвеня для жыхароў сталіцы, спартыўных дэлегацый, балельшчыкаў, турыстаў творчыя калектывы, вулічныя музыканты, маладзёжныя музычныя групы падрыхтуюць на плошчы Свабоды вялікія канцэртныя праграмы.
Для юных мінчан і іх бацькоў па традыцыі кожную суботу праект "Пешаходка KIDS" прапануе разнапланавую праграму: family-шоу, выступленні музычных груп, тэатраў, студый дзіцячай творчасці.
У гэтым сезоне таксама будуць праводзіцца святы і фестывалі нацыянальных культур на тэрыторыі Верхняга горада. Першае такое мерапрыемства пройдзе 1 чэрвеня: знаёміць будуць з каларытнымі асаблівасцямі, кухняй і традыцыямі шведскага народа. Таксама запланаваны святы польскай, рускай, італьянскай, карэйскай, эстонскай, украінскай і іншых культур народаў свету. Фінальным мерапрыемствам летняга музычна-турыстычнага сезона 28 верасня стане свята кітайскай культуры.
23 красавіка 2019, Мінск
БЕЛТА
23 красавіка 2019, Мінск
БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-3/20/47730
Текущая дата: 24.11.2024