Белорусский портал в Казахстане

МУС падчас II Гульняў краін СНД запускае акцыю «За бяспеку — разам!»



Пра старт акцыі перад пачаткам тактыка-спецыяльных вучэнняў сілавых службаў напапярэдні II Гульняў краін СНД распавяла прадстаўнік аргкамітэта гульняў Васіліса Марзалюк.

Праваахоўнікі ў перыяд II Гульняў краін СНД, якія пройдуць у Беларусі з 4 па 14 жніўня, будуць не толькі ахоўваць грамадскі парадак, але і ў забаўляльна-пазнавальным фармаце распавядаць пра важнасць захавання правілаў бяспечных паводзін. 

У спартыўных арэн, дзе пройдуць спаборніцтвы, запрацуюць ведамасныя інтэрактыўныя пляцоўкі, на якіх у балельшчыкаў з’явіцца магчымасць пагутарыць з міліцыянерамі, курсантамі і ліцэістамі, агледзець выставы тэхнікі і ўзбраення. А яшчэ аматары спорту змогуць паназіраць за працай коннага патруля, убачыць супрацоўнікаў на сігвэях і электратранспарце, паспрабаваць духмяную кашу з палявой кухні і пазнаёміцца з талісманам акцыі — Сцяпанычам.

Дарэчы, імя новаму вясёламу персанажу далі падпісчыкі ведамасных сацсетак. Сцяпаныч паспеў пабываць на «Славянскім базары ў Віцебску» і прыйшоўся па душы гасцям фестывалю. II Гульні краін СНД стануць для яго другім вопытам зносін з гледачамі, на гэты раз спартыўных, а не культурных сутычак.

«У наш час важна разумець, як абараніць сябе і засцерагчы людзей побач з сабой. Гэта вельмі няпростая праца — арганізацыя, падтрыманне парадку і бяспекі. Я думаю, што ў нас сістэма так пабудаваная, што ніякіх неспадзяванак не павінна здарыцца. Я ў гэтым нават не сумняваюся. У якой бы краіне я ні была ў статусе дзеючага спартсмена, нідзе не прад’яўляліся такія высокія патрабаванні да забеспячэння бяспекі, як у нашай краіне», — падкрэсліла ў зносінах з журналістамі прадстаўнік аргкамітэта II Гульняў краін СНД Васіліса Марзалюк.

Усе падрабязнасці акцыі можна даведацца ў сацыяльных сетках Міністэрства ўнутраных спраў.

Звязда, 28 ліпеня 2023

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-3/3/70260
Текущая дата: 13.05.2024