Больш за 100 маладых спартсменаў аб`яднала адкрытае першынство па біятлоне, прысвечанае памяці байцоў спецатрада НКДБ СССР "Слаўны" на прызы Савета афіцэрскага сходу УКДБ па Магілёўскай вобласці.
Такія спаборніцтвы лыжа-ролерная траса ў Чавусах прымае ўжо другі раз. І, як адзначылі арганізатары, у гэтым годзе геаграфія адкрытага кубка пашырылася: паспрабаваць свае сілы сабраліся спартсмены з Магілёўскай, Гомельскай, Мінскай і Віцебскай абласцей.
Дата правядзення спаборніцтва выбрана не выпадкова. 15 лютага 1942 года быў сфармаваны спецатрад "Слаўны", у склад якога ўвайшлі дасведчаныя супрацоўнікі дзяржбяспекі, шматразовыя чэмпіёны СССР, рэкардсмены, майстры спорту. У тыле ворага яны праводзілі разведвальную і дыверсійную дзейнасць у гады Вялікай Айчыннай вайны. На працягу 30 месяцаў свайго існавання яны эфектыўна выканалі ўсе пастаўленыя перад атрадам баявыя задачы. Памяці гэтых герояў і прысвечаны спаборніцтвы, якія сталі для Магілёўскай вобласці ўжо традыцыйнымі.
Сярод тых, хто сёння змагаецца за перамогу - Аляксандра Грабеннікова, якая прадстаўляе Мінскую вобласць. "Мой брат - Аляксей Грабеннікоў - майстар спорту па біятлоне, уваходзіў у склад Нацыянальнай зборнай і цяпер прадаўжае бегаць. Ён стаў для мяне прыкладам, і я вырашыла пайсці па яго слядах, - падзялілася юная спартсменка. - Мне вельмі падабаецца біятлон, я ўпарта працую і прыкладаю максімум намаганняў, каб дабіцца высокіх вынікаў. Зразумела, не заўсёды ўсё атрымліваецца, бываюць і ўзлёты, і падзенні, але, каб вынік быў - трэба шмат працаваць. Я ўдзельнічала ў Кубку Беларускай федэрацыі па біятлоне, заняла там першае месца. Сёння ў Магілёўскай вобласці бегаем. Сезон у нас яшчэ не скончаны, наперадзе шмат стартаў".
Аляксандра Грабеннікова падзялілася, што на спаборніцтвы прыехала ў добрай фізічнай форме, з баявым настроем. "Я вучуся ў вучылішчы Алімпійскага рэзерву, у нас рэгулярна праходзяць трэніроўкі, ёсць выдатная база для падрыхтоўкі. У сваіх сілах я ўпэўнена. І, вядома, разлічваю толькі на лепшае", - сказала яна.
Змагацца за першае месца прыехаў і Платон Навагран з камандай з Віцебскай вобласці. "Усе з нашай каманды выдатна падрыхтаваны, настрой ва ўсіх добры. Думаю, усё атрымаецца ў нас, - расказаў ён. - Да біятлона я займаўся лыжнымі гонкамі. Каб развівацца, паступіў у вучылішча Алімпійскага рэзерву ў Наваполацку. База для падрыхтоўкі ў нас добрая, таму мы гатовы змагацца за перамогу".
Прывітаў юных спартсменаў начальнік упраўлення спорту і турызму Магілёўскага аблвыканкама, срэбны прызёр Алімпійскіх гульняў у Ванкуверы Сяргей Новікаў.
"Ужо другі раз праходзіць такое першынство, і мы бачым, што на гэты раз яно выйшла за межы нашага рэгіёна: прыехалі каманды з Віцебскай, Гомельскай і Мінскай вобласці, каб пазмагацца за перамогу. У спаборніцтваў добры прызавы фонд, карысныя і патрэбныя падарункі для пераможцаў", - расказаў ён. - База ў Чавусах дасць магчымасць кожнаму ўдзельніку паспрабаваць свае сілы не толькі сярод сваёй спартыўнай школы, але і з равеснікамі з іншых абласцей".
Як падкрэсліў Сяргей Новікаў, такія спаборніцтвы дапамагаюць папулярызаваць біятлон сярод дзяцей і моладзі. У нашай краіне моцная школа ў гэтым відзе спорту, ёсць выдатныя базы для падрыхтоўкі. А што самае галоўнае - ёсць выдатныя прыклады для пераймання і ёсць, на каго раўняцца моладзі. "Гэты від спорту сур`ёзна развіваецца ў нашай краіне. Дзеці бачаць Дзінару Алімбекаву, Антона Смольскага, якія паказваюць дастойныя вынікі ў спорце, падаюць юным спартсменам добры прыклад", - падзяліўся ён.
Прыехаў у родную спартыўную школу падтрымаць юных біятланістаў бронзавы прызёр чэмпіянату Еўропы, чэмпіён Еўропы сярод юніраў, удзельнік Алімпійскіх гульняў Раман Ялётнаў. "Такія спаборніцтвы даюць магчымасць юным спартсменам паказаць свой узровень. Гэта яшчэ адна маленькая прыступка на шляху да вялікіх перамог. Выдатна, што ў нас ёсць такія спаборніцтвы, а таму хочацца сказаць дзякуй усім, хто мае дачыненне да іх арганізацыі, - адзначыў ён. - Усе прафесійныя спартсмены праходзяць праз такія этапы. Каб трапіць на чэмпіянат рэспублікі, трэба спачатку прайсці раённыя адборы, абласныя. Каб прадстаўляць сваю краіну на сусветнай арэне - трэба стаць лепшым у рэспубліцы. І гэтага не дабіцца без такіх вось спаборніцтваў".
Раман Ялётнаў падзяліўся, што, з’яўляючыся родам з Чавусаў, ён сам пачынаў сваю кар`еру тут. "Тады ў нас не было такой базы для падрыхтоўкі: каталіся на плошчы, стралялі ў гаі. Цяпер у моладзі зусім іншыя ўмовы, - расказаў ён. - Паміж зборамі, калі з`яўляецца час, прыязджаю пабачыць бацькоў, заўсёды заходжу ў родную спартыўную школу. Сустрэць трэнераў, пагутарыць з навучэнцамі, самому патрэніравацца можна тут. Бо тут добрая траса, якая ў будучыні, я спадзяюся, яшчэ больш пашырыцца". Біятланіст пажадаў усім не толькі сёння, але і на ўсіх будучых стартах хуткіх лыжаў і чыстай стральбы, яркай барацьбы і добрага настрою. "А калі нешта не будзе атрымлівацца - ніколі не хвалявацца і ўпэўнена ісці да сваёй мэты", - сказаў ён.
На базе Чавускай СДЮШАР сёння разгарнулася сапраўднае свята. Для дзяцей падрыхтавалі выстаўку спецсродкаў АМАП, дэгустацыю ад вядучых прадпрыемстваў рэгіёна. У такое надвор`е ўсе ўдзельнікі і госці спаборніцтваў змаглі пачаставацца і сагрэцца гарачым чаем і смачнай салдацкай кашай.
12 лютага 2024, Чавусы
БЕЛТА
12 лютага 2024, Чавусы
БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-3/3/72597
Текущая дата: 26.12.2024