Белорусский портал в Казахстане

Больш за 200 студэнтаў і курсантаў з Беларусі, Расіі і Украіны ўдзельнічаюць у IX Міжнародным турніры па інтэлектуальных гульнях "Шчыт і меч"



У Мінску, у Акадэміі МУС Беларусі, 23—24 лістапада праходзіць IX Міжнародны турнір па інтэлектуальных гульнях "Шчыт і меч". Ён арганізаваны міліцэйскай ВНУ пры падтрымцы Беларускай лігі інтэлектуальных каманд.

Як паведамілі ў прэс-групе акадэміі, у турніры ўдзельнічаюць 36 каманд — больш як 200 чалавек. Нароўні са студэнтамі ў мерапрыемстве бяруць удзел і курсанты сілавых ВНУ Беларусі (Акадэмія МУС, Ваенная акадэмія, Інстытут нацыянальнай бяспекі, Інстытут пагранічнай службы, Камандна-інжынерны інстытут МНС), а таксама Расіі (Масква, Санкт-Пецярбург, Ніжні Ноўгарад, Белгарад, Разань, Пскоў) і Украіны (Кіеў і Харкаў). Паводле правілаў турніру кожную каманду прадстаўляе да шасці гульцоў, якім не больш за 23 гады.

Турнір праводзіцца ў два этапы. У інтэлектуальнай гульні "Эрудыт-квартэт" (23 лістапада) адначасова ўдзельнічаюць па тры-чатыры каманды. У кожным раўндзе бою разыгрываюцца пяць пытанняў, аб`яднаных агульнай гульнявой тэмай, якія маюць свой узровень складанасці і адпаведны намінал (ад 10 да 50 ачкоў). Балы падсумоўваюцца.

Інтэлектуальная гульня "Што? Дзе? Калі?" (24 лістапада) складаецца з чатырох блокаў па 15 пытанняў. Удзельнікам даюць адну хвіліну на кожнае заданне.

Каманда-пераможца ўзнагароджваецца кубкам турніру. Найлепшая каманда сілавых ведамстваў узнагароджваецца спецыяльным кубкам і граматай турніру.

"Шчыт і меч" прызнаны Беларускай лігай інтэлектуальных каманд найлепшым турнірам краіны па выніках 2009 і 2010 гадоў. Яму прысвоены статус вываднога на чэмпіянаты Беларусі і Еўропы па інтэлектуальных гульнях сярод студэнцкіх каманд.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 23 лістапада 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-3/45/24168
Текущая дата: 24.11.2024