Белорусский портал в Казахстане

З нагоды 10-гадовага юбілею сядзібы Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы пройдуць казачныя гулянні



Аб гэтым паведамілі ў турыстычным аддзеле нацыянальнага парку.

Казачныя гулянні ў сядзібе беларускага Дзеда Мароза, прысвечаныя 10-годдзю яго стварэння ў Белавежскай пушчы, пройдуць 13-15 снежня.

Першых гасцей у сядзібе чакаюць 12 снежня. Плануецца, што да беларускага чараўніка прыедуць яго калега Дзед Мароз з Вялікага Усцюга, Снягурачка з Кастрамы, Цар-Берандзей з Пераслаўля-Залескага, Баба-Яга з Кукабоя, а таксама іншыя казачныя персанажы з Расіі і Беларусі. Іх з`яўленне і выступленне на публіцы адбудзецца 13 снежня.

Найбольш насычанай чакаецца праграма двух апошніх дзён святкавання. Так, у сядзібе запланавана прэзентацыя праекта "Казачная карта Расіі і Беларусі", у час якой адбудзецца касцюміраванае шэсце, будзе падпісана пагадненне аб стварэнні казачнага саюза Расіі і Беларусі і адкрыта першая міжнародная казачная вярста. Апошняя будзе ўяўляць сабой дарожны знак, які паказвае напрамак і адлегласць да месца пражывання або нараджэння герояў казак і былін.

На заканчэнне свята плануецца правесці цырымонію ўзнагароджвання пераможцаў конкурсу на лепшую казачную гісторыю для Дзеда Мароза. Работы на конкурс можна прысылаць да канца верасня. У нацыянальным парку разлічваюць, што пачатак новага навучальнага года пасадзейнічае актывізацыі патэнцыяльных удзельнікаў творчай акцыі. У той жа час, адзначылі ў турыстычным аддзеле, узрост удзельнікаў конкурсу не абмежаваны.

Адно з юбілейных мерапрыемстваў - пасяджэнне круглага стала, у час якога кіраўнікі казачных дэлегацый абмяняюцца вопытам у стварэнні і развіцці праектаў, абмяркуюць перспектывы сумеснай дзейнасці і варыянты міжнароднага падзейнага турызму.

Дапамогу ў падрыхтоўцы, арганізацыі і правядзенні святкавання дзесяцігадовага юбілею сядзібы аказваюць кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Беларусі і Брэсцкі аблвыканкам. Інфармацыйным партнёрам праекта з`яўляецца Беларускае тэлеграфнае агенцтва.

Сядзіба беларускага Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы была адкрыта 16 снежня 2003 года. Агульная плошча рэзідэнцыі складае 15 га, на якой размясціліся цудоўныя церамы пушчанскага чараўніка і яго ўнучкі Снягурачкі, паляна Дванаццаці Месяцаў, Скарбніца, Чароўны Млын, жывая навагодняя ёлка вышынёй 40 м і іншыя казачныя аб`екты. За 9 гадоў сядзібу наведалі больш за 850 тыс. чалавек. У 2013 годзе тут чакаюць мільённага наведвальніка.

6 верасня 2013, Брэст
Святлана Вячорка - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-3/46/23195
Текущая дата: 24.11.2024