Белорусский портал в Казахстане

З зэдлікам праз усю Амерыку



Двое беларускіх вандроўнікаў Аўгіня Манцэвіч і Верасень нарэшце вярнуліся ў Мінск.

Падчас падарожжа яны прайшлі каля 30 тысяч кіламетраў і пабывалі ў 14 краінах. 17 красавіка беларускі зэдлік быў пастаўлены ў воды праліву Бігля, які злучае Ціхі і Атлантычны акіяны. Naviny.by папрасілі Жэню распавесці пра гэтае доўгае і незвычайнае падарожжа.

Рух «З зэдлікам да акіяну» некалькі гадоў таму нарадзіўся ва Ўкраіне і хутка набыў прыхільнікаў у розных краінах. Яго фармальныя мэты — аднесці зэдлікі (табурэткі) да кожнага з чатырох акіянаў, а глыбінная сутнасць — выконваць ролю культурных паслоў сваіх краінаў, дзяліцца з іншымі народамі свету сваёю культураю. Дэвіз праекту: «Менавіта гэта мы называем воляю».
____________________
— Вы наведалі шмат краінаў. У параўнанні з імі як вы ацэньваеце ўзровень жыцця ў Беларусі? Ці праўда кажуць, што добра там, дзе нас няма?

— Узровень жыцця ў Беларусі высокі, калі параўнаць з краінамі Цэнтральнай Амерыкі, Эквадорам, Перу, Балівіяй. Там ён нашмат ніжэйшы, але там і больш свабоды. Там людзі могуць казаць што заўгодна, а большасць насельніцтва альбо падтрымлівае сваю ўладу, альбо ставіцца да яе абыякава. Мы не былі ні ў адной краіне, дзе была б дыктатура, дзе немагчыма было б пратэставаць на вуліцах.

— Якая краіна вам спадабалася больш за астатнія?

— Нельга сказаць, якая спадабалася больш, усе краіны абсалютна розныя, вылучыць адну я не магу. Напрыклад, у Мексіцы мне спадабалася кухня. У Перу — горы. У Коста-Рыцы — акіян і ўзбярэжжа. У Балівіі— абарыгены-індзейцы. Аргентына вельмі падобная да Беларусі, такая ж спакойная, там і клімат падобны да нашага. У Бразіліі неверагодныя пейзажы, джунглі, людзі там добрыя.

— Можа, якая-небудзь краіна вам не спадабалася, а ўспаміны пра яе ўганяюць у жах?

— Мне не спадабалася ўзбярэжжа Перу. Гэта краіна вельмі розная на ўзбэрэжжы і ў гарах. Горы проста неверагодныя, там і людзі вельмі добрыя, і чыста, і пейзажы прыгожыя, а на ўзбэрэжжы вельмі-вельмі брудна і людзі сквапныя. Там немагчыма доўга знаходзіцца, таму што, па-першае, пустыня і няма чаго рабіць, па-другое, акіян халодны — не паплаваеш. Людзі дзе ідуць, там і кідаюць смецце. Там трупы жывёлаў гніюць літаральна ў рэчках, і так смярдзіць, што немагчыма побач прайсці.

Яшчэ ў Гандурасе нядаўна быў палітычны пераварот — прэзідэнта выгналі з краіны за тое, што ён хацеў балатавацца на другі тэрмін. Цяпер там вельмі шмат паліцэйскага кантролю на дарогах, а паліцэйскія падобныя да нашых міліцыянтаў — злыя і без усмешак.

У Бразіліі вельмі дорага, і хоть усё астаняе там цудоўна — і людзі, і прырода, — але там нельга сабе дазволіць, напрыклад, пераначаваць у гатэлі.

— Як вы пераадольвалі моўны бар’ер?

— Англійскую мову я ведала, таму ў ЗША праблем не было. Цяжкасці ўзніклі, калі мы ўехалі ў Мексіку, таму што мы абсалютна нічога не разумелі. Я, напрыклад, ведала пару словаў — як сказаць «дзякуй» ці «калі ласка», але не разумела, што мне адказвалі. Даводзілася пастаянна тлумачыць на пальцах. Калі мы сустракалі кагосьці, хто ведаў англійскую мову, вельмі радаваліся, таму что маглі з ім паразмаўляць і спытаць, як сказаць нейкае слова па-іспанску.

Кожны раз мы больш і больш павялічвалі свой слоўнікавы запас, і дзесьці праз тры месяцы пачалі нармальна размаўляць па-іспанску. Канечне, слоўнікавага запасу часам не хапала, але самі мы маглі сказаць усё, што хацелі, замяняючы іншымі словамі, і разумелі ўсё таксама.

Цяжка было, калі мы прыехалі ў Бразілію, дзе партугальская мова. Хоць яна і падобная да іспанскай, але абсалютна іншая. Аднак адаптацыя адбылася хутчэй, праз два тыдні мы ўжо маглі штосьці сказаць і шмат што разумелі.

Пад канец мы па-іспанску размаўлялі ўжо амаль як па-англійску. Складанасці ўзнікалі, толькі калі пісалі штосьці, таму што не ведаем дакладна арфаграфіі.

— А якім чынам перамяшчаліся па краінах?

— Амаль увесь час аўтастопам. На аўтобусе праехалі літаральна пару разоў у Балівіі, дзе самыя танныя аўтобусы і за сто кіламетрў можна заплаціць адзін даляр.

У ЗША вельмі цяжкі аўтастоп, асабліва ў вялікіх гарадах. Па-першае, ад’язджаць ад вялікіх гарадоў заўсёды цяжка. Па-другое, у ЗША людзі вельмі напалоханыя тэлебачаннем, тэрарызмам, бандытызмам, і там вельмі моцна працуе закон. Там кіроўцы баяцца браць людзей на дарогах, таму што, калі нешта здарыцца падчас падарожжа, на іх можна падаць у суд. Можна чакаць ледзь не паўдні, покуль нехта падбярэ — машын вельмі шмат, але ніхто не спыняецца.

Чым бяднейшая краіна, тым лягчэй спыніць машыну. Вельмі лёгкі аўтастоп у Патагоніі, Аргентыне, таму што там тры тысячы кіламетраў — прамая дарога і нічога няма вакол. Таму кіроўцы грузавікоў, каб не заснуць, падбіраюць аўтастопнікаў.

— Ці былі ў вас праблемы з візамі?

— Калі мы адпраўляліся, у нас былі толькі візы ЗША і Мексікі. Калі рухаліся далей, у папярэдняй краіне рабілі візу ў наступную. З візай ЗША не патрэбны візы ва ўсю Цэнтральную Амерыку, таму першай мы рабілі калумбійскую візу ў Панаме. Было даволі цяжка, таму што Калумбія не сябруе з Венесуэлай, а мы сябруем, і нам сказалі, што нашы візы будуць рабіць больш доўгі час, чым астатнім. Чылійскую візу таксама цяжка зрабіць — вельмі доўга, але нам дапамагла падтрымка іншых амбасадаў, Міністэрства культуры, у нас быў ліст падтрымкі, дзе абсалютна розныя арганізацыі ставілі пячаткі і прасілі, каб нам дапамагалі ў перасоўванні.

У падарожжы я зразумела, што ў нашай краіны вельмі дрэнная знешняя палітыка, таму што пастаянна даводзілася рабіць гэтыя візы. Напрыклад, расіянам візы амаль ва ўсе краіны Лацінскай Амерыкі ўвогуле не патрэбныя. З намі ездзіла літоўка Вайда, якой таксама, як жыхару Еўразвязу, не патрэбныя візы. А мы мала таго, што рабілі гэтыя візы, дык яны яшчэ былі для нас больш дарагімі і выдаваліся на карацейшы час. Напрыклад, мексіканскую візу рассіянам і украінцам паставілі на пяць год, а нам — на паўгады. Віза ЗША на аднаразовы ўезд каштуе 100 даляраў украінцам на пяць год, расіянам — на год, а нам — на паўгады. Каб атрымаць шматразовую візу, нам дводзілася плаціць на 100 даляраў больш…

— У блогу вы пісалі, што часта прыходзілася растлумачваць, што такое Беларусь. Ці часта вы сустракалі людзей, якія ведалі пра нашу краіну?

— У больш развітых краінах — Коста-Рыцы, Бразіліі, Аргентыне — людзі калі не ведалі дакладна, што такое Беларусь, дык чулі, што гэта былы Савецкі Саюз і прыкладна ведалі, што гэта побач з Расіяй.

Беларускіх эмігрантаў мы сустракалі толькі ў ЗША. Я ведала, што іх шмат у Аргентыне, але нам не давялося іх пабачыць. Калі мы ўжо вярталіся назад, то выпадкова знайшлі Цэнтр балгарскай культуры «Кірыл і Мефодзій». Там былі балгары, якія пазнаёмілі нас з нашчадкамі ўкраінскіх эмігрантаў. У іх ёсць свая суполка выхадцаў з краінаў былога СССР, у якую ўваходзяць адна літоўка, некалькі ўкраінцаў, некалькі расіянаў і адна беларуска. На жаль, з ёй нам не давялося сустрэцца, але потым мы спісаліся ў фэйсбуку.

— Раскажыце пра бытавыя дробязі вашага падарожжа: дзе вы шукалі начлег, дзе мыліся, чым харчаваліся...

— Начлег мы шукалі кожны вечар, калі прыязджалі ў новае месца. Мы проста падыходзілі да якіх-небудзь хат і прасіліся пераначаваць, спявалі за гэта, гралі беларускую музыку. Спачатку ў ЗША ў нас была палатка, а потым мы яе падарылі расійскай табурэтнай камандзе. Яе было цяжка цягаць, і ў тропіках такія дажджы, што іх не вытрымае ніводная палатка. Часам начавалі ў цэрквах, часам — проста на вуліцы, калі было цёпла. Часам — на запраўках, у гаражах, у закінутых будынках, у адкрытых кузавах грузавікоў.

З ежай праблем не было. У Балівіі, напрыклад, не праблема пад’есці дзесьці на вуліцы — першае, другое і трэцяе за паўтары даляры. Але калі мы прасіліся дзесьці начаваць, то нас там абавязкова кармілі, гасціннасць людзей не дазваляла ім пакласці нас спаць, не накарміўшы вечарам, а потым яшчэ і раніцай.

Мыліся там таксама. А калі было вельмі спякотна, мы нават проста прасілі вады з калодзежа і паліваліся. Вопратка, у асноўным, была адна і тая ж, мы яе нават выкідалі, дарылі, каб аблегчыць свой заплечнік. Мне пашчасціла: у Буэнас-Айрэсе мы начавалі ў адной жанчыны, у якой было шмат непатрэбнай вопраткі. Яна мне падарыла цёплыя рэчы, якія спатрэбіліся ў Патагоніі, дзе ўжо стала холадна. Штосьці даводзілася купляць, але літаральна два разы, можа быць, калі што-небудзь зношвалася.

— Ці запомніліся вам якія-небудзь нацыянальныя звычаі?

— Мы пабывалі на традыцыйным пахаванні ў гарах Перу і на сустрэчы Раства Хрыстова, чулі традыцыйныя песні, танцавалі традыцыйныя танцы. Іх танцы проста бясконцыя, песня можа цягнуцца 20 хвілінаў і калі танцуеш, кожны куплет здаецца апошнім, але за ім пачынаецца яшчэ адзін, і так бясконца. На кожнае свята яны граюць музыку адмысловага кшталту і рознымі інструментамі. Напрыклад, на сустрэчы Раства яны граюць скрыпкамі і арфамі, там мелодыя аднаго тыпу, яна прыгожая, але калі шмат песен паслухаеш, надакучвае.

— Якія трапічныя расліны ці незвычайных жывёл вы бачылі?

— Бачылі, як растуць, і каштавалі бананы, манга, маракую, карамболь ды ўсялякія іншыя фрукты, назвы якіх я зараз нават не ўзгадаю. У джунглях вельмі высокая трава, там усё вельмі высокае. Яшчэ бачылі, як у дзікай прыродзе растуць кактусы. Бачылі розных птушак — туканаў, папугаяў, бачылі кракадзілаў, скарпіёнаў, велічэзных павукоў і мурашоў. У Гватэмале мы жылі ў доме, дзе было некалькі вялізных павукоў, але яны нікога не чапалі і мы жылі з імі мірна, падружыліся.

— За такое доўгае падарожжа вы, напэўна, знешне вельмі змяніліся, схуднелі?

— Насамрэч, не. Усе так думаюць, але я абсалютна не схуднела, якая была, такая і засталася, таму што праблем з ежай не было. Мы маглі пагаладаць адзін дзень, але заўсёды ведалі, што альбо вечарам, альбо на наступны дзень мы зноў паямо. У нас быў нармальны, звычайны рэжым жыцця.

— Ці здаралася вам хварэць?

— Здаралася. Нічога сур’ёзнага, але я спалохалася, калі ў Калумбіі ў мяне з’явілася алергія — апух увесь твар, вочы, рот, і на скуры з’явіліся чырвоныя кропкі. Гэта было чатыры дні, мне далі таблеткі нібыта ад алергіі, але нічога не дапамагала, потым я схадзіла ў лякарню, дзе мне доктар прапісаў нейкія вельмі танныя лекі, і ўсё прайшло.

А алергія там можа з’явіцца на што заўгодна, нават на рыс, які там ядуць кожны дзень. Увогуле, у Калумбіі знаходзіцца 80% сусветных эндэмікаў — раслінаў ці жывёлаў, якія больш нідзе не сустракаюцца.

У іншых «табурэтачнікаў» з-за клімату гнаіліся раны, не зажывалі, з-за вільгаці з’яўляўся грыбок на скуры, некаторыя пакутавалі на горную хваробу. Але гэта вылечвалася, і мы моцна не пакутвалі.

— Падчас падарожжа не ўзнікала жаданне ўсё кінуць і вярнуцца дадому?

Не, не ўзнікала, я нават не сумавала. Толькі дзесьці на дзесяты месяц ужо пачало хацецца дадому, і мы пачалі думаць, калі будзем вяртацца. А так усё падарожжа настолькі насычанае, што няма часу думаць пра дом.

— Як сябе зараз адчувае зэдлік? Увогуле часта даводзілася яго рамантаваць?

— Асноўная праблема з ім была ў тым, што крышка пару разоў адлятала, але мы яе прыклейвалі. А дзесьці на дзесяты месяц падарожжа на зэдлік наехаў грузавік і разламаў. Мы неяк з горам папалам яго склеілі, падбілі дошчачкамі, убілі цвічкі, хоць да гэтага ён быў зроблены зусім без цвікоў.

Што зараз з нашым зэдлікам, невядома, мы яго пакінулі на ўзбярэжжы акіяну. Можа, хтосьці забраў, а можа, ён і дагэтуль там стаіць.

— Раскажыце, хто ўваходзіў у вашу каманду «табурэтачнікаў»?

— Беларусаў выязджала чатыры чалавекі, але адна дзяўчына засталася ў Нью-Ёрку і не паехала далей. А падарожнічалі ў асноўным мы з Вераснем. Яшчэ адзін удзельнік беларускай каманды — Кірыл — падарожнічаў асобна ад нас. У дарозе вельмі цяжка з людзьмі, з якімі хоць у чымсьці разыходзяцца погляды…

Былі у нас яшчэ тры хлопцы-ўкраінцы, дзве дзяўчыны і двухгадовае дзіця. Расійская каманда напачатку складалася з васьмі чалавек, але потым іх засталося толькі трое. На пэўны час да нас далучаўся адзін фін і адна літоўка…

— Ці выканана ваша місія? Ці мо зараз трэба несці зэдлікі да іншых акіянаў?

— Раней Лёня, які прыдумаў гэты праект, аднёс зэдлікі да Атлантычнага акіяну, потым - да Індыйскага і Паўночна-Ледавітага. А вось да Ціхаха запрасіў удзельнічаць у праекце сваіх сяброў… Ніхто не абавязаны несці зэдлікі да іншых акіянаў. Думаю, што з імі пакончана, павінны з’яўляцца новыя ідэі.

— Што вы збіраецеся рабіць зараз?

— Пакуль не ведаю, мы толькі прыехалі, адпачываем.

— Плануеце вяртацца ў журналістыку? (Да падарожжа Жэня працавала на тэлеканале Белсат. — аўт.)

— Я б вярнулася, але не ведаю яшчэ, куды дакладна. Насамрэч, думак вельмі шмат — ці то паехаць у Варшаву, ці то ў Мінску застацца, ці то ў вёску паехаць жыць і займацца там гаспадаркай…

— Пра што часцей за ўсё па вяртанні пытаюцца родныя, сябры?

— Пытаюцца, як нам Беларусь зараз, якая краіна больш спадабалася. Здзіўляюцца, што такія радасныя прыехалі і не такія ўжо і стомленыя. Кажуць, што мы пакуль радасныя, але пажывем яшчэ пару тыдняў у Беларусі — і станем такімі ж сумнымі, як і яны.

Настасся Салановіч
Беларускія Навіны
22 траўня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-3/58/6639
Текущая дата: 24.11.2024