Як адзначыла намеснік дырэктара Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Кацярына Нікіціна, летась Беларусь наведала 1,4 млн арганізаваных замежных турыстаў.
А сёлета, як чакаюць спецыялісты, гасцей з-за мяжы стане больш. Што датычыцца ўнутранага турызму, то колькасць арганізаваных турыстаў і экскурсантаў — грамадзян нашай краіны летась склала 1 мільён 330 тысяч чалавек, расказала спецыяліст.
— У нас ёсць вялікія надзеі на павелічэнне патоку турыстаў, паколькі было ратыфікавана пагадненне з Расійскай Федэрацыяй аб узаемным прызнанні віз. І мы спадзяёмся на сумесныя трансгранічныя маршруты, — падкрэсліла яна і дадала, што ў сувязі са здыманнем ковідных абмежаванняў таксама чакаецца павелічэнне турыстычнага патоку з Кітая.
Унутраны турызм таксама будзе развівацца, упэўнены ў дэпартаменце. Сярод найбольш запатрабаваных Кацярына Нікіціна назвала загарадныя комплексы, кемпінгі і аграэкасядзібы (у беларусаў у прыярытэце — адпачынак на прыродзе, гавораць спецыялісты турыстычнай сферы). Пры распрацоўцы турыстычных маршрутаў факусіруюцца на 11 малых гарадах у сувязі з правядзеннем у Беларусі ў 2023 годзе другіх гульняў краін СНД.
Цяпер ёсць попыт на новыя тэматычныя маршруты па рэгіёнах, куды раней турысты не даязджалі, падкрэсліла начальнік аддзела якасці і вучэбна-аналітычнай работы Нацыянальнага агентства па турызме Ганна Вашчынчук. Яна распавяла, што такія рэгіёны маюць самабытнасць і велізарны турыстычны патэнцыял. У 2022 годзе было атэставана 190 экскурсаводаў па розных маршрутах.
Старадаўнія абрады і партызанская крынічка
Для Гомельскага Палесся арганічны аграэкатурызм: аўтэнтычныя аграсядзібы пераносяць у мінулае, прэзентуюць побыт палешукоў і даюць непаўторны вопыт, адзначыў загадчык сектара турызму ўпраўлення спорту і турызму Гомельскага аблвыканкама Ігар Назарчук. І паколькі кожная з аграэкасядзіб непаўторная і мае сваю адметнасць (а ўсяго іх у рэгіёне 188), то хочацца наведаць усе.
Гомельшчыну, у прыватнасці, прадставяць з дапамогай аўтэнтычных абрадаў. Як расказаў спецыяліст, маляўнічыя дзеі з народнымі песнямі, пачастункам і рэканструкцыяй мясцовых старадаўніх касцюмаў збіраюць вялікую колькасць турыстаў і асабліва моладзі. Тым больш што цэлы шэраг палескіх абрадаў унесены ў Спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Напрыклад, 25 мая ў аграгарадку Вялікі Бор (Хойніцкі раён) можна будзе ўбачыць абрад «Праводзіны русалкі», які прыйшоў з глыбіні стагоддзяў.
На Гомельшчыне актыўна развіваюцца як экалагічныя, культурныя, гістарычныя маршруты, так і ваенна-патрыятычныя. Летась завершана рэканструкцыя ваенна-патрыятычнага комплексу «Партызанская крынічка». Турысты ўбачаць бліндажы і зямлянкі — ад штабной да харчовай, змогуць пакаштаваць стравы палявой кухні і пастраляць з розных відаў зброі часоў Вялікай Айчыннай вайны. А пры жаданні — прыняць удзел у квэсце па падзеях, якія адбываліся ў гэтых месцах 80 гадоў таму.
Актыўна развіваецца ў рэгіёне і рэлігійны турызм. У прыватнасці, у Добрушскім раёне распрацаваны маршрут «Ян Гашкевіч — святы зямлі беларускай» з наведваннем манастыра.
Старажытны водны шлях і Кацярына ІІ
Некалі па Дняпры пралягаў старажытны шлях «з варагаў у грэкі». Гэты факт стаў адпраўным пунктам многіх турыстычных маршрутаў і экскурсій, а сёлета распрацавана воднае падарожжа.
— З`явіліся маршруты ад Шклова да Магілёва (трохдзённы тур з начлегамі), туры з заездам у Бялынічы, Александрыю, Шклоў, — паведаміла дырэктар ДКУП «Магілёўаблтурыст» Алена Карпенка. — Летась тэставыя маршруты карысталіся попытам, і ўжо на гэты момант ёсць запыты на іх.
Паколькі турыстам цікавы маршрут «Мсціслаў — беларускі Суздаль», сёлета адкрыты яшчэ два новыя — «Мсціслаўскае княства» і «Яўрэйская гісторыя Мсціслава». Сярод новых турыстычных аб`ектаў, у прыватнасці, — конезавод, заснаваны ў 1935 годзе (тут можна ўбачыць рускую цяжкавозную пароду коней). І, вядома, тысячы турыстаў збярэ «Рыцарскі фэст» (пройдзе ў жніўні).
Новы турыстычны напрамак, які атрымаў актыўнае развіццё ў рэгіёне, звязаны з Кацярынай ІІ. Зразумела, турыстычнай прывабнасці рэгіёну надае сядзіба роду Булгакаў — «Жыліцкі Версаль». Адкрыццё аб`екта запланавана на красавік 2024 года, але ўжо цяпер палац — цэнтр прыцягнення турыстаў з Беларусі і замежжа. Акрамя таго, распрацаваны цікавыя ваенна-патрыятычныя і гастранамічныя туры і маршруты.
Васільковы край і фестывалі
У Віцебскай вобласці з 2021 года рэалізоўваецца праект «Васільковы край», накіраваны ў першую чаргу на зручнасць індывідуальнага турызму. Валошкі на вуліцах і гістарычных аб`ектах маркіруюць QR-коды, сканіруючы якія, можна азнаёміцца з інфармацыяй аб той ці іншай славутасці. У рамках праекта ў найбліжэйшай будучыні будзе створаны мабільны дадатак «Васільковы край — Lіfе» ў падтрымку турыстычнага брэнда вобласці, распавяла загадчыца сектара турызму і фізкультурна-аздараўленчай работы Віцебскага аблвыканкама Святлана Астаніна.
І, зразумела, Віцебшчына — край фестываляў.
— На тэрыторыі вобласці праходзіць вялікая колькасць фестывальных мерапрыемстваў, з іх 13 міжнародных, чатыры рэспубліканскія і каля 40 абласных, — сказала спецыяліст.
Фестывалі самыя розныя, і, вядома, найбольш значны з іх — «Славянскі базар». У яго рамках адбудзецца таксама каля 20 спадарожных культурных праектаў і турыстычных мерапрыемстваў.
Брэсцкая крэпасць і Белавежская пушча
Брэстчына, як і суседняя Гомельшчына, знакамітая сваімі аграэкасядзібамі, кожная з якіх тэматычная і мае ўласныя анімацыйныя праграмы. У Пінскім раёне цікавасцю ў турыстаў карыстаюцца аб`екты кластара «Белая Чапля», які аб`яднаў аграсядзібы рэгіёна «Прыпяцкае Палессе», расказала начальнік аддзела турызму ўпраўлення спорту і турызму Брэсцкага аблвыканкама Алена Космач. Тут традыцыйна праводзяцца фестывалі, арганізоўваюцца рамесныя і кулінарныя майстар-класы, дзейнічаюць пешыя, водныя і веласіпедныя маршруты — усяго звыш 300 (ад забаўляльных і гастранамічных да адукацыйных і пазнавальных). У гэтым годзе створана або абноўлена 18 турыстычных маршрутаў. Самыя папулярныя, зразумела, звязаны з наведваннем Нацыянальнага парку «Белавежская пушча». Цэнтры прыцягнення гасцей рэгіёна — сядзіба Нямцэвічаў у вёсцы Скокі і Косаўскі палацава-паркавы комплекс. Найбольш запатрабаваным і знакавым аб`ектам патрыятычнага турызму была і застаецца Брэсцкая крэпасць. Ваенна-гістарычныя рэканструкцыі абароны крэпасці традыцыйна збіраюць тысячы турыстаў з розных краін. Таксама сёлета Брэстчына запрашае на гістарычную рэканструкцыю «Адзін дзень з жыцця партызанскага атрада» ў цэнтры Партызанскай славы Хаваншчына (Івацэвіцкі раён).
Замкі і Аўгустоўскі канал
Адна з «разыначак» будучага лета на Гродзеншчыне — маршрут па заказніку «Азёры». Ён прадугледжвае шмат цікавых актыўнасцяў. У прыватнасці, па заказніку турыстаў будуць катаць на мотадрызіне, распавяла намеснік начальніка ўпраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Таццяна Лідзяева.
— З аб`ектаў, якія сёлета будзем прадстаўляць турыстам, адным з самых галоўных з`яўляецца палацава-паркавы комплекс у Свяцку (ён плануецца да адкрыцця ў маі). Гэта будзе і гасцінічны, і рэстаранны комплекс з броварам і санаторна-курортнымі SРА-паслугамі, — анансавала яна новы аб`ект.
У Гродзенскай вобласці працягнецца рэканструкцыя многіх унікальных гістарычных помнікаў, у тым ліку царквы Раства Багародзіцы «Мураванка» і Брыгіцкага манастыра. Працягваецца і рэканструкцыя Старога замка ў Гродне — пастаянна адкрываюцца новыя залы, распавяла спецыяліст.
Яшчэ адзін цэнтр прыцягнення турыстаў на Гродзеншчыну з прыходам цёплых дней — Аўгустоўскі канал. Напрыклад, 27 мая гасцей чакае свята народнай творчасці «Аўгустоўскі канал запрашае сяброў».
Аляксандра Анцэлевіч
Звязда, 21 лютага 2023
Звязда, 21 лютага 2023
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-3/6/68539
Текущая дата: 24.11.2024