Белорусский портал в Казахстане

Беларускамоўнаму байцу ўручылі "Заслужанага майстра спорту"



Чэмпіён свету па тайскім боксе Віталь Гуркоў уганараваны, як алімпійскія чэмпіёны.

Як стала вядома "Звяздзе", знакамітага беларускага байца ўзнагародзілі за тыдзень да Новага года — 24 снежня. Значок "Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь" уручыў тады яшчэ прэм`ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі.

Чаму мы пішам пра гэтую падзею ў святочным нумары?

Справа ў тым, што Віталь Гуркоў стаў першым вядомым беларускім спартсменам у гісторыі, які публічна па дзяржаўным тэлебачанні выказаўся на роднай мове. Здарылася гэта пасля перамогі на ўсходнееўрапейскім Гран-пры К-1 у сакавіку 2010-га. Пасля гэтага папулярнасць байца пайшла ўгару. І вось заслугі Гуркова (баец восем разоў перамагаў на чэмпіянаце свету па муай-тай) адзначыла дзяржава. Званне "Заслужаны майстар спорту" маюць, напрыклад, алімпійскія чэмпіёны Андрэй Арамнаў (цяжкая атлетыка) і Аляксей Грышын (фрыстайл).

— І дзе зараз ваш значок "Заслужаны майстар спорту"? — сустрэліся мы з Віталем у трэніровачным клубе "Патрыёт". — Напэўна, на самым ганаровым месцы ляжыць.

— Калі шчыра, забыўся забраць значок з машыны, ляжыць у бардачку.


— Ці ўразіла вас цырымонія ўручэння?

— Адчуваў сябе на мерапрыемстве, так бы мовіць, не ў сваёй талерцы. Былі не толькі спартсмены, але і перадавікі з прадпрыемстваў, настаўнікі, дырэктары школ. Прэм`ер-міністр усіх пахваліў, гаварыў пра выкананне планаў на пяцігодку. Потым падыходзіў да кожнага і ціснуў руку, казаў нейкія словы, фатаграфаваўся.

— Што сказаў вам?

— Вельмі стрымана пажадаў поспехаў.

— Ці звярталіся да вас яшчэ нейкія афіцыйныя асобы, ці падтрымлівалі вашы беларускамоўныя памкненні?

— Нядаўна, на прэс-канферэнцыі, прысвечанай чэмпіянату свету, да мяне падышлі супрацоўнікі "Белзнешэканамбанка", падарылі беларускамоўны каляндар. Сказалі, што чытаюць мае інтэрв`ю ў сеціве і ў прэсе, ведаюць, што я цікаўлюся гісторыяй. Уручылі старажытную карту Вялікага Княства Літоўскага на лацінскай мове. Цудоўны падарунак...

Нагадаем, што Віталь Гуркоў з`яўляецца шматразовым чэмпіёнам свету па муай-тай і лідарам нацыянальнай зборнай. У гэтым сезоне Віталь сустракаўся з самымі магутнымі прафесіяналамі планеты. Напрыклад, з чэмпіёнам свету па К-1 італійцам Джорджыа Петрасянам (па нязручных для беларуса правілах кікбоксінга, дзе нельга біць локцем і ўжываць клінч). Віталь прайграў па пунктах, але выглядаў вельмі годна і не атрымаў ніводнай траўмы. Пасля гэтага двубоя папулярнасць беларускага байца ў Заходняй Еўропе і ў Японіі павялічылася ў шмат разоў.

Па любімых для сябе правілах муай-тай Віталь сустрэўся з Петчманконгам (жалезным чэмпіёнам Тайланда). На думку многіх спецыялістаў, беларус аказаўся нечакана мацнейшым (двубой выкладзены ў інтэрнэце). Але тайскія суддзі аддалі перамогу свайму. У астатніх прафесійных двубоях Гуркоў перамог.

У новым сезоне, набраўшыся досведу на прафесійным рынгу, беларус плануе выйсці на першыя радкі сусветных рэйтынгаў.

Трэніруецца Віталь у мінскім клубе "Патрыёт". Пасля Новага года з`явіцца інтэрнэт-старонка клуба на беларускай мове.

Яўген Валошын
31 снежня 2010
Звязда

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-3/60/3525
Текущая дата: 24.11.2024