Белорусский портал в Казахстане

Цана "шэнгена" для беларусаў знізіцца да 35 еўра праз два месяцы пасля заключэння паміж Беларуссю і Еўрасаюзам пагадненняў аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі



Аб гэтым у эфіры тэлеканала АНТ расказаў кіраўнік прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі Дзірк Шубель.

Адказваючы на пытанне аб тым, калі шэнгенская віза стане для беларусаў таннейшай, Дзірк Шубель падкрэсліў, што канкрэтную дату пакуль назваць немагчыма.

"З уступленнем у сілу абодвух пагадненняў, візавы збор знізіцца з цяперашніх 60 еўра да 35 еўра. Я не хацеў бы называць канкрэтную дату, але запэўніваю, што мы працуем над тым, каб гэта адбылося", - сказаў ён. Кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі нагадаў, што перагаворы па пагадненнях аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі завяршыліся раней у бягучым годзе, а цяпер абодва бакі праводзяць працэдуры, што "дадуць магчымасць падпісаць гэтыя два пагадненні, якія ўступяць у сілу праз два месяцы пасля заключэння".

"Тут неабходна разумець, што еўрапейскаму боку патрэбны некаторы час - у ЕС 28 краін і гэта доўгі працэс. І нам таксама трэба будзе атрымаць згоду Еўрапейскага парламента пасля падпісання. Але я настроены аптымістычна на тое, што гэта хутка адбудзецца", - сказаў Дзірк Шубель.

"Ведаю, што знаходжуся ў краіне, для якой важна стабільнасць. І я магу запэўніць, што новы склад Еўрапейскай камісіі будзе стабільна і мэтанакіравана прытрымлівацца палітыкі ў адносінах да краін "Усходняга партнёрства", як і раней, у тым ліку, вядома, да Беларусі, якая актыўна ўдзельнічае ва "Усходнім партнёрстве" на працягу апошніх гадоў. І мы маем намер пашырыць наша ўзаемадзеянне, актывізаваць палітычныя адносіны і нашу практычную падтрымку, - падкрэсліў Дзірк Шубель. - З іншага боку, тыя ж заключэнні Савета ЕС прадпісваюць нам больш актыўна супрацоўнічаць у гандлі, эканоміцы і, вядома, у прадастаўленні дапамогі. Менавіта гэта мы і робім: павялічылі аб`ём нашай фінансавай дапамогі Рэспубліцы Беларусь больш як у два разы на працягу апошніх некалькіх гадоў".

Ён прывёў два прыклады эфектыўнага супрацоўніцтва - вяртанне Еўрапейскага інвестыцыйнага банка і пачатак выкарыстання твінінг-праекта (інструмент Еўрасаюза для падтрымкі прамога ўзаемадзеяння паміж дзяржаўнымі органамі краін ЕС і краін-партнёраў або бенефіцыяраў.).

Закрануў кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі і рэгіянальнае супрацоўніцтва: "Перш за ўсё мы працуем з усімі краінамі "Усходняга партнёрства" ў рамках Канферэнцыі рэгіянальных і мясцовых органаў улады. Калі не памыляюся, у 2020 годзе Беларусь будзе сустаршынёй гэтай платформы. На мой погляд, гэта сведчыць аб тым, што Беларусь актыўна ўдзельнічае ў рабоце канферэнцыі, што мы, безумоўна, вітаем. Адначасова ЕС і Беларусь на працягу шэрага гадоў інтэнсіўна супрацоўнічаюць у сферы рэгіянальнага і мясцовага развіцця, рэалізуюць праграмы і, што не менш важна, развіваюць трансгранічнае супрацоўніцтва".

"Прытрымліваюся таго ж падыходу, што і мая папярэдніца (экс-кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Андрэа Віктарын.) - я настроены на адкрытасць. Мая мэта - і далей актывізаваць адносіны з Рэспублікай Беларусь. На мой погляд, мы прайшлі вялікі шлях за апошнія пяць гадоў, калі параўноўваць з тым, што было. Упершыню я прыехаў сюды ў камандзіроўку ў 2006 годзе. І цяпер не пазнаю гэту краіну, не пазнаю дзяржслужачых. Таму што цяпер адносіны больш адкрытыя, што я вельмі цаню і з вялікім аптымізмам гляджу на тое, чаго мы можам дасягнуць разам", - сказаў Дзірк Шубель.

"Мы таксама садзейнічаем падрыхтоўцы да ўступлення Беларусі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю", - заўважыў Дзірк Шубель. Паводле яго слоў, гэты важны крок "дапамог бы ў будучым прыйсці да таго, на што мы ўсе спадзяёмся: да пачатку перагавораў аб заключэнні рамачнага пагаднення паміж нашымі бакамі".

Беларусь завяршыла ўнутрыдзяржаўныя працэдуры па пагадненні з Еўрапейскім саюзам аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі. Кіраўніком дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам прынята рашэнне аб падпісанні гэтых дакументаў.

Гэтаму кроку папярэднічаў даволі складаны і доўгі па часе перагаворны працэс з Еўрапейскім саюзам, па выніках якога выпрацаваны ўзаемапрымальныя тэксты, якія ў найбольш поўнай меры ўлічваюць інтарэсы абодвух бакоў. Цяпер чакаецца сігнал ад еўрапейскіх партнёраў аб завяршэнні неабходных працэдур з іх боку, пасля чаго будуць вызначаны канкрэтныя мадальнасці падпісання. Пагадненні будуць заключаны ў пакеце, іх уступленне ў сілу прадугледжваецца ў адзін дзень.

Аднак перад гэтым дакументы павінны быць ратыфікаваны Нацыянальным сходам Беларусі і адобраны Еўрапейскім парламентам. У праекце пагаднення аб рэадмісіі замацавана прадастаўленне Беларусі двухгадовага пераходнага перыяду ў адносінах да рэадмісіі грамадзян трэціх краін.

У праекце сумеснай дэкларацыі да пагаднення змешчана абавязацельства Еўрасаюза аб аказанні краіне тэхнічнай і фінансавай падтрымкі ў гэтай галіне. Пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж Беларуссю і ЕС прадугледжвае зніжэнне кошту "шэнгена" з 60 да 35 еўра і прыняцце рашэння аб выдачы візы ў тэрмін да 10 дзён (у выпадку дадатковай праверкі тэрмін можа павялічыцца да 30 дзён).

23 верасня 2019, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-402/13/50237
Текущая дата: 26.12.2024