Белорусский портал в Казахстане

Тэрмін бязвізавага знаходжання ў Беларусі прадоўжаны да 30 дзён



Адпаведны ўказ Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў 24 ліпеня, паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

Тэрмін бязвізавага знаходжання замежных грамадзян у Беларусі павялічаны да 30 сутак пры ўмове іх уезду ў краіну і далейшага выезду праз Дзяржаўную граніцу ў Нацыянальным аэрапорце Мінск.

У дакуменце актуалізаваны пералік дзяржаў, грамадзяне якіх маюць права скарыстацца рэжымам бязвізавага ўезду і выезду: з яго выключаны краіны, з якімі Беларусь заключыла двухбаковыя пагадненні аб узаемнай адмене віз.

Для бязвізавага ўезду ў Беларусь замежным грамадзянам неабходна пры сабе мець дзеючы пашпарт або дакумент, які яго замяняе, прызначаны для выезду за мяжу, грошы (на кожны дзень знаходжання суму ў валюце або беларускіх рублях, эквівалентную не менш як дзвюм базавым велічыням, альбо 50 базавым велічыням, калі знаходжанне складзе поўныя 30 дзён), дзеючы ў Беларусі медыцынскі страхавы поліс на суму не менш як 10 тыс. еўра.

Для грамадзян В`етнама, Гаіці, Гамбіі, Індыі, Лівана, Намібіі і Самоа абавязковым дадатковым патрабаваннем з`яўляецца наяўнасць у пашпарце дзеючай шматразовай візы дзяржаў ЕС або Шэнгенскай зоны з адзнакай аб уездзе на іх тэрыторыю, а таксама авіябілетаў з пацвярджэннем у іх вылету з Нацыянальнага аэрапорта Мінск на працягу 30 дзён з даты ўезду.

У адносінах да грамадзян Кітая такі парадак бязвізавага ўезду ў Беларусь будзе прымяняцца да 10 жніўня 2018 года - да ўступлення ў сілу двухбаковага пагаднення аб узаемным бязвізавым рэжыме для ўладальнікаў звычайных пашпартоў.

Парадак бязвізавага перамяшчэння праз аэрапорт не распаўсюджваецца на асоб, якія прыбываюць у Беларусь авіярэйсамі з Расіі, а таксама плануюць вылецець у расійскія аэрапорты, паколькі гэтыя рэйсы з`яўляюцца ўнутранымі, пагранічны кантроль на іх не ажыццяўляецца.

Бязвізавы рэжым таксама не распаўсюджваецца на замежных грамадзян, якія накіроўваюцца ў Беларусь для працаўладкавання, вядзення камерцыйнай дзейнасці і навучання, працягласць якога перасягае 30 сутак.

Тэрмін бязвізавага знаходжання вылічаецца ў цэлых каляндарных сутках. Першым суткам адпавядае дата прыбыцця, апошнім - дата выбыцця (незалежна ад часу прыбыцця або выбыцця).

Пры гэтым тэрмін бязвізавага знаходжання не можа быць прадоўжаны звыш устаноўленых 30 сутак. Замежныя грамадзяне, якія плануюць знаходзіцца ў Беларусі больш за пяць рабочых дзён, павінны будуць зарэгістравацца ў органах унутраных спраў па месцы свайго знаходжання ў краіне.

Пры пражыванні ў гасцініцах, хостэлах, санаторыях і іншых калектыўных сродках размяшчэння рэгістрацыя ажыццяўляецца адміністрацыямі гэтых устаноў па змоўчанні ў час засялення.

Прыняцце ўказа прызначана садзейнічаць далейшаму развіццю беларускай турыстычнай галіны, забяспечыць даступнасць санаторнага і медыцынскага турызму ў Беларусі, стаць адным з немалаважных фактараў садзейнічання развіццю эканомікі краіны, уключанасці Беларусі ў светагаспадарчыя сувязі, узмацніць яе пазіцыю як зручнай пляцоўкі для арганізацыі міжнародных форумаў, канферэнцый, фестываляў, спартыўных спаборніцтваў.

Дакумент уступае ў сілу пасля афіцыйнага апублікавання.

24 ліпеня 2018, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-402/16/44288
Текущая дата: 26.12.2024