Белорусский портал в Казахстане

Улад Міхальчук і яшчэ пяцёра беларусаў абраныя на імпарт-драфце ў CHL



У першым раўндзе драфта было абрана адразу чацвёра прадстаўнікоў Беларусі.

Беларускі хакеіст Уладзіслаў Міхальчук абраны на імпарт-драфце Канадскай хакейнай лігі (CHL), сведчаць дадзеныя на сайце лігі.

Імпарт-драфт CHL, на якім клубы выбіраюць замежных гульцоў, адбыўся напярэдадні. Кожная з 60 каманд лігі мае магчымасць выбраць двух замежных гульцоў, якія прадстаўляюць краіну за межамі Паўночнай Амерыкі. Драфт складаецца з двух тураў, парадак выбару абумоўлены вынікамі выступленняў у рэгулярным сезоне.

Так, у першым раўндзе быў абраны Андрэй Паўленка (пад 12-м нумарам), якім зацікавіўся "Эдмантан Ойл Кінгз" (WHL), Ігар Мартынаў (30-ы нумар, "Вікторыя Кугарс", WHL), Васіль Філяеў (55-й нумар, "Оўэн Саўнд Атак", OHL) і Уладзіслаў Міхальчук (54-ы нумар, "Прынс-Джордж Кугарз", WHL).

"Уладзіслаў Міхальчук — гэта той гулец, якога вы заўважаеце кожны раз, калі ён выходзіць на лёд", — распавёў генеральны менеджэр "Кугарз" Тод Харкінс, словы якога прыводзіць princegeorgecitizen.com.

Паводле яго слоў, уменне, хуткасць і фізічная сіла 18-гадовага беларускага форварда, што паспеў пагуляць за юніёрскую і маладзёжную зборную, добра ўпішуцца ў CHL. "Ён вельмі дынамічны, умее абыходзіцца з шайбай", — дадаў Харкінс.

Ён выказаў надзею, што Міхальчук, выступаючы за "Кугарз", зможа заявіць пра сябе і яго заўважаць у НХЛ.

У другім раўндзе імпарт-драфта былі абраныя яшчэ два беларускх нападаючых — Сяргей Сапега (96-1 нумар, "Трай-Сіці Амерыканс", WHL) і Павел Ажгірэй (118ы нумар, "Эверэт Сільвертыпс", WHL).

Дарэчы, беларусы паўтарылі дасягненне мінулага года, калі на імпарт-драфце таксама былі абраныя шэсць маладых хакеістаў. У 2016 годзе былі абраныя Арцём Балтрук, Максім Сушко, Уладзіслаў Яроменка, Дзмітрый Буйніцкі, Ігар Мартынаў і Кірыл Чайка.

Пад першымі двума нумарамі былі абраныя расійскія спартсмены — Андрэй Свечнікаў ("Бары Кольтс") і Аляксандр Хаванаў ("Монктан Уайлдкэтс").

Усяго на драфце CHL-2017 было абрана 50 форвардаў і 22 абаронцы ва ўзросце ад 16 да 20 гадоў. Яны прадстаўляюць 11 краін.

CHL складаецца з Заходняй хакейнай лігі, юніёрскай лігі Квэбэка і юніёрскай лігі Антарыё.

Нагадаем, 25 чэрвеня на драфце НХЛ, што прайшоў у Чыкага, клуб "Філадэльфія Флайерс" замацаваў свае правы за гульцом юнацкай зборнай Беларусі 18-гадовым Максімам Сушко. Хакеіст быў выбраны ў чацвёртым раундзе. Акрамя таго, "Філадэльфія" задрафтавала Кірыла Усціненка — выхаванца гомельскай школы хакея, які некалькі гадоў таму прыняў расійскае грамадзянства

Мінск, 29 чэрвеня 2017
Sputnik

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-402/18/39814
Текущая дата: 27.12.2024