Белорусский портал в Казахстане

Ураду прапаноўваюць увесці бязвізавы рэжым для шэрагу краін



Нацыянальнае агенцтва інвестыцый і прыватызацыі (НАІП) прапаноўвае ўраду ўвесці бязвізавы рэжым для краін, якія найбольш актыўна інвестуюць у беларускую эканоміку.

"Мы лічым, што бязвізавы рэжым можа быць уведзены ў дачыненні да краін, якія з`яўляюцца асноўнымі інвестарамі Беларусі. Нашы прапановы, якія прадугледжваюць увядзенне бязвізавага рэжыму, падтрыманы міністэрствамі, дзяржаўнымі ўстановамі і ўжо перададзеныя ва ўрад", — паведаміла дырэктар НАІП Наталля Нікандрава.

Яна прывяла ў прыклад Казахстан, які ў 2015 годзе увёў бязвізавы рэжым для гасцей з 19 краін у мэтах стварэння спрыяльных умоў для замежных інвестараў. "Прынятае рашэнне прадугледжвае магчымасць уезду ў Казахстан на тэрмін да 15 дзён з дзелавымі мэтамі без атрымання візы. У Кыргызстане бязвізавы рэжым быў уведзены наогул у 2012 годзе ў дачыненні да 44 краін", — адзначыла дырэктар НАІП.

На думку Нікандравай, рашэнне аб увядзенні бязвізавага рэжыму аказала б спрыяльны ўплыў на адносіны Беларусі з Еўрасаюзам. "Рашэнне аб увядзенні бязвізавага рэжыму Беларуссю было б вельмі дарэчы ў святле пацяплення нашых адносін з Еўрапейскім саюзам. Акрамя гэтага, яно магло б спрыяць спрашчэнню візавых фармальнасцяў краінамі ЕС у дачыненні да грамадзян Беларусі", — лічыць Нікандрава.

НАІП, паводле яе слоў, ініцыюе і іншыя захады, накіраваныя на павышэнне інвестыцыйнай прывабнасці Беларусі. "Нацыянальнае агенцтва плануе ўзяць на сябе функцыі каардынатара Кансультатыўнага савета па замежных інвестыцыях пры Савеце міністраў. Мы чакаем сёння рашэнняў па гэтым пытанні з боку ўрада, каб атрымаць адпаведныя паўнамоцтвы", — адзначыла Наталля Нікандрава.

Паводле яе слоў, савет можа стаць тым дзейсным інстытутам, дзякуючы якому пры падтрымцы дзелавых колаў удасца сфармуляваць канкрэтныя меры для паляпшэння інвестыцыйнага клімату ў краіне.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН
Мінск, 25 жніўня 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-402/20/36699
Текущая дата: 15.11.2024