Белорусский портал в Казахстане

Для іншаземцаў закрыта бясплатнае наведванне заказніка "Альманскія балоты"



Пра гэта паведамляе Дзяржаўны пагранічны камітэт Беларусі.

Плата за наведванне заказніка "Альманскія балоты" для замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія часова знаходзяцца і часова жывуць у Беларусі, з 25 жніўня складае за год сем базавых велічынь (базавая велічыня — 180 тыс. рублёў), у 2016 годзе яна ўзрасце да 10 базавых велічынь, 

Унясенне платы ажыццяўляецца аднаразова ў раённы бюджэт на разліковы рахунак 3600226002419 філіяла № 121 ААТ "ААБ Беларусбанк" г. Пінска, МФА 150501854, УНП 200676206, прызначэнне плацяжу 05520. Аплата дзяржаўнай пошліны магчыма і праз банкі з тэрыторыі Украіны. 

Новыя ўмовы наведвання заказніка для збору пладоў дзікіх культур на беларускай тэрыторыі тычацца жыхароў 10 прыгранічных вёсак Украіны, якія маюць права перасякаць дзяржаўную мяжу ў спецыяльных пунктах пропуску паблізу населеных пунктаў Дроздынь, Хінічава і Забалаць. Пры перасячэнні дзяржмяжы грамадзяне Украіны акрамя пашпарту і пропуску ў пагранічную паласу павінны прад`явіць супрацоўнікам органаў пагранічнай службы квітанцыю аб аплаце дзяржаўнай пошліны за наведванне заказніка. 

Грамадзяне, якія праігнаруюць унясенне платы за наведванне заказніка і (або) асмеляцца перасякаць дзяржаўную мяжу незаконна, у абход пункта перасячэння дзяржмяжы, будуць прыцягвацца да адміністрацыйнай адказнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь аб дзяржаўнай мяжы і прыродаахоўным заканадаўствам. 

Штраф за парушэнне дзяржаўнай мяжы ўстаноўлены Кодэксам аб адміністрацыйных парушэннях і складае ад 10 да 100 базавых велічынь. Парушэнне дзяржаўнай мяжы на працягу года, учыненае паўторна, пагражае прыцягненнем вінаватага да крымінальнай адказнасці. 

Акрамя таго, у парушальнікаў будзе адбірацца пропуск у пагранічную паласу, што пазбаўляе іх права праходзіць афармленне праз мяжу ў сезонных месцах перасячэння мяжы тэрмінам на адзін год. 

Наяўнасць аплаты за наведванне заказніка ў замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія часова знаходзяцца і часова жывуць у Беларусі, у ходзе рэйдаў будуць кантраляваць супрацоўнікі Столінскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, заказнікаў "Сярэдняя Прыпяць" і "Альманскія балоты" Палескага і Столінскага лясгасаў.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 26 жніўня 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-402/22/32511
Текущая дата: 15.11.2024