Прамысловы турызм стаў адным з самых вядомых брэндаў Беларусі, паведаміў на прэс-канферэнцыі «Сакавік — месяц прамысловага турызму ў Беларусі» дырэктар Нацыянальнага агенцтва па турызме Дзмітрый Марозаў.
У Беларусі адзначаецца значны рост папулярнасці прамысловага турызму
Паводле слоў Дзмітрый Марозава, беларуская прадукцыя вядомая далёка за межамі краіны. Не толькі беларусам, але і замежным гасцям цікава ўбачыць, як яна вырабляецца. Такіх экскурсій становіцца ўсё больш. Можна ўбачыць, як збіраюцца вялікагрузы, як здабываецца нафта, граніт і інш.
«Прамысловы турызм — не толькі экскурсія, а яшчэ і важны інструмент развіцця ўнутранага турызму, падрыхтоўкі кадраў для прадпрыемстваў. Гэта і кропка прыцягнення замежных турыстаў, магчымасць прасоўваць Беларусь як шматгранны турыстычны кірунак», — адзначыў Дзмітрый Марозаў.
Прадпрыемствы прапануюць розныя фарматы працы з турыстамі: праводзяць дні адчыненых дзвярэй, прафарыентацыйныя экскурсіі, укараняюць новыя тэхналогіі экскурсійнага абслугоўвання. Звыш 70 прадпрыемстваў на сістэмнай аснове працуюць па прыёме турыстычных груп.
Нацыянальнае агенцтва па турызме падтрымлівае развіццё прамысловага турызму. Распрацоўваюцца інфармацыйныя матэрыялы, з 2021 года на штогадовым турыстычным конкурсе «Пазнай Беларусь» уведзена намінацыя «Аб’ект прамысловага турызму года». У мінулым годзе праведзена маркетынгавае даследаванне па тэме, каб вывучыць практыку і напрацоўкі розных прадпрыемстваў, ацаніць перспектывы гэтага віду турызму і неабходнасць інвеставання. «Вынікі будуць апублікаваныя найбліжэйшым часам», — праінфармаваў Дзмітрый Марозаў.
Звязда, 10 сакавіка 2025
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-408/1/77419
Текущая дата: 11.03.2025