Белорусский портал в Казахстане

Беларусь прыме на аздараўленне дзяцей з Кітая і Сірыі



Распараджэнні аб выдзяленні на гэта грашовых сродкаў падпісаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

Беларусь прыме на аздараўленне дзяцей з Кітая і Сірыі. Прадугледжана фінансаванне расходаў па арганізацыі лячэння, рэабілітацыі і аздараўлення ў Беларусі 330 кітайскіх дзяцей.

Ім будзе аказана медыцынская дапамога ў рэспубліканскіх арганізацыях аховы здароўя, арганізавана аздараўленне ў летні перыяд на базе Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра "Зубраня" і дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра "Ждановічы".

Акрамя таго, у праграму адпачынку ў Беларусі дзяцей з КНР уключаны экскурсійныя праграмы. У іх ліку знаёмства з выдатнымі мясцінамі Нарачанскага краю, экскурсія па горадзе-героі Мінску, наведванне Мірскага замка і Нясвіжскага палацава-паркавага комплексу, наведванне Батанічнага саду, музея Вялікай Айчыннай вайны, сядзібна-паркавага комплексу "Дукорскі маёнтак", музейнага комплексу "Дудуткі".

Гэта рашэнне накіравана на ўмацаванне двухбаковага супрацоўніцтва з Кітаем, дае магчымасць рэалізаваць гуманітарную ініцыятыву беларускай дзяржавы, прадэманстраваць асаблівыя дружалюбныя адносіны.

Іншым распараджэннем прадугледжана выдзяленне фінансавых сродкаў для арганізацыі ў студзені 2018 года адпачынку і аздараўлення 153 дзяцей з Сірыі ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры "Зубраня".

Праграмай знаходжання прадугледжваецца аказанне дзецям санаторна-аздараўленчых паслуг, а таксама правядзенне экскурсійна-культурных мерапрыемстваў у Мінску і рэгіёнах краіны.

Запрашэнне ў Беларусь дзяцей з Сірыі накіравана на развіццё супрацоўніцтва паміж краінамі ў гуманітарна-адукацыйнай сферы.

5 студзеня 2018, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-410/1/42027
Текущая дата: 26.04.2024